Разгараецца чарговая бітва за Курапаты

Над святым для кожнага свядомага беларуса месцам, урочышчам Курапаты, зноў навісла небяспека — са дня на дзень тут мусіць адкрыцца рэстаран.  

Планавалася, што рэстаран “Паедзем, паядзім” у сумнавядомым забаўляльным комплексе, больш вядомым пад мянушкай “Бульбаш-хол” павінен быў адчыніцца 1 чэрвеня. Але гэта навіна ўзрушыла грамадскасць — да месца ўстановы пачалі прыходзіць неабыякавыя беларусы. Дату афіцыйнага адкрыцця перанеслі на нявызначаны час.   

“Тут не месца пляскам ды застоллям, бо ў 50 метрах – нацыянальны мемарыял, дзе ў сталінскія часы расстрэльвалі бязвінных людзей!”, — дзеліцца матывацыяй свайго ўдзелу адзін з актывістаў. 

Варта адзначыць, грамадскасць пераканана, што гэты комплекс пабудаваны з яўнымі парушэннямі закона – яго будоўля пачалася ў 2012 годзе, калі ахоўная зона вакол Некропалю складала 150 метраў. Пасля пратэстаў актывістаў будоўля не спынілася, наадварот — у 2013 годзе Міністэрства культуры зменшыла ахоўную зону да 50 метраў, такім чынам "узаконіўшы" ўзвядзенне забаўляльнага цэнтра. Такім чынам, ёсць усе падставы лічыць гэтую будоўлю па-за законам. 

Адзін з ініцыятараў абароны Курапатаў Павал Севярынец лічыць, што такога аб’екта ў зоне мемарыяла быць увогуле не павінна: 

“Мы заклікаем уласнікаў перадаць — не прадаць, не абвясціць аўкцыён, а перадаць, — гэты аб’ект пад музей сталінскіх рэпрэсій. Па-першае, гэта адразу ўзаконіць аб’ект, бо музей рэпрэсій можа існаваць у ахоўнай зоне Курапатаў. Па-другое, уласнікі атрымаюць каласальны іміджавы плюс: пра гэта напішуць усе. Па-трэцяе, здымаецца праблема наведвальнасці комплексу”, — лічыць ён.

Інакш, уласнікаў рэстарацыі чакае вельмі складанае жыццё. Мала таго, што комплекс будзе рэгулярна пікетавацца, актывісты маюць намер выстройвацца ў чэргі па кнігу скаргаў, каб запісаць туды сваю нязгоду з існаваннем такога аб’екта ўвогуле. Так што, магчыма, наведвальнікаў у гэтай рэстарацыі не будзе зусім. Каму цікава прыехаць паесці, а трапіць у буйны скандал?

Тым часам, пытанне што рабіць з ужо пабудаваным будынкам, застаецца адкрытым. У сваю чаргу, вядомы журналіст Андрэй Дынько незгодзен з меркаваннем Севярынца, вось што ён піша на сваёй старонцы:  

“У сітуацыі з рэстаранам каля Курапат у мяне вось якое пытанне. Севярынец прапануе забраць рэстаран пад музей. Але на падставе чаго забраць рэстаран? На падставе якой юрыдычнай нормы? Проста так канфіскаваць будынкі, як камуністы канфіскоўвалі? Гэта ж няможна. Севярынец прапануе, каб бізнэсовец сам па добрай волі перадаў іх пад музей. Тады пытанне: ці гэта рэальна? Калі гэты чалавек настолькі без мазгоў, каб будаваць рэстаран на мяжы Курапат ды яшчэ і называць яго спачатку "Бульбашом"? Тады ўсё-такі што, каб дзяржава канфіскавала па-бальшавіцку? Я не бачу законнага выхаду з гэтай сітуацыі”. 

Насамрэч, як можна юрыдычна прымусіць уласніка будынка перадаць яго нерухомасць грамадскасці, напрыклад, пад той жа музей? Пытанні ёсць, але добра, што ёсць і жывая актыўнасць грамадства да пратэсту з нагоды чорнага і жахлівага бізнесу ў выглядзе "Паедзем, паядзім", аточанага касцямі бязвінна забітых людзей.  

Што ж будзе далей?

Пакуль цяжка прагназаваць паводзіны ўлады, а таксама настрой уласнікаў скандальнага рэстарана. Вядома, што апошнія не збіраюцца пагаджацца на ўмовы пікетоўцаў, цяпер іх комплекс ахоўваць супрацоўнікі службы ўласнай аховы.    

2 чэрвеня актывісты “Маладога Фронту” плануюць усталёўваць "вахту" з намётамі. Колькі будзе намётаў, а таксама ўдзельнікаў, пакуль невядома.

3 чэрвеня ва ўрочышчы пройдзе дазволены ўладамі мітынг Кансерватыўна-хрысціянскай партыі-БНФ, прысвечаны якраз 30-годдзю з’яўлення артыкула аб Курапатах у “ЛіМе”.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.