Пульс беларускай глыбінкі — падарожжа ў Глуск

Ёсць у цэнтральнай частцы Беларусі невялікі, але гістарычна адметны гарадскі пасёлак. Назва яго — Глуск. 

На гэтым месцы даўным-даўно жылі людзі — тут былі знойдзены рэшткі паселішча ажно 1 тысячагоддзя да нашай эры. У перыяд ВКЛ гэтае мястэчка было даволі выбітным рэгіянальным цэнтрам, тут ладзіліся ярмаркі, а ў XVI—XVIII стагоддзі цэнтр упрыгожваў вялікі замак з касцёлам і патайной дарогай да ракі Пціч. Менавіта ў гэтым замку адбываліся перамовы літоўскага маршалка Міхаіла Глінскага з пасламі ўладара Масковіі. А яшчэ за савецкім часам тут быў знойдзены скарб (цяпер ён знаходзіцца ў Магілёўскім краязнаўчым музеі), таксама загадкавыя камяні (у народзе, Чортавыя камяні), а яшчэ падземны ход ад замкавых руінаў да ракі. Верагодна, гэта яшчэ не ўсе сакрэты месца. 

Візуальнай гістарычнай спадчыны, па вядомым прычынам, тут амаль не захавалася. Ёсць толькі рэшткі былых эпохаў, дзесьці можна сустрэць старыя сцежачкі, векавечныя дубы. Шкада, але нават назвы вуліц не адлюстроўваюць гістарычны дух пасёлка. 

Нагадвае тыповы райцэнтр. Ёсць звыклыя ўсім Савецкая і Інтэрнацыянальная вуліцы, дзясятак лакальных не дужа прыбытковых прадпрыемстваў, 2 школы і гімназія, бальніца, музей, царквушачка з цыбулінай, аўтастанцыя, Райпо, гандлёвая сетка Родны кут і Еўраопт, некалькі кафэ, прыватныя ўстановы, гатэльчык, нават басейн. Самым незвычайным тут падаецца адна з аптэкаў, якая называецца “Ванька-Встанька”. Мажліва, што тутэйшыя пенсіянеры ўмеюць бавіць час.   

Бліжэй да цэнтру, галоўныя дарогі падаюцца роўненькімі, бардзюры на скрыжаваннях зручна заніжанымі. Ля асноўных аб’ектаў заўважны невялікія велапаркоўкі. Кажуць, што гэта дзякуючы “Дажынкам”, што ладзіліся тут у 2019 годзе.

Традыцыя збіраць паўсюль лісце жыве і тут, а яшчэ і практыка накіроўваць для гэтага школьную моладзь і сацыяльных работнікаў. Атрымліваецца нейкая двіжуха, мітусня. Увогуле, у пасёлку, паводле афіцыйных дадзеных, жыве болей 7 тысячаў чалавек. Але на вуліцах звычайна нешматлюдна, а ўвечары і зусім глуха.

Такі ён, Глуск, у час цяперашняй восеньскай тугі: 

  

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.