9 снежня мы адзначалі Дзень народзінаў слыннага айчыннага песняра Максіма Багдановіча. Але ці дастаткова сёння музеяў і памятных знакаў на нашай зямлі гэтай супервыбітнай асобе?
Максім пражыў яркае, але кароткае жыццё. Нават пражыўшы ўсяго каля 26 гадоў, Багдановіч стаў класікам беларускай літаратуры. У гэтым быў яго геній. Яшчэ варта ўлічыць і тое, што большую частку свайго жыцця Максім Багдановіч пражыў у далекай Расіі. Але прысвяціў свой талент, свае сілы і любоў роднай Беларушчыне!
Але ж, ці можам мы лічыць, што памяць аб песняры цяпер годна ўшанавана? Ёсць яму помнік у Мінску, ёсць музеі Багдановіча ў Мінску і Гародні. У Ракуцёўшчыне, што ў Маладзечанскім раёне, яшчэ ў 1994 годзе быў створаны дом-музей “Фальварак Ракуцёўшчына”. Але музея ў гонар Максіма Адамавіча няма ў трох важных месцах, дзе ён непасрэдна жыў.
Гэтыя мясціны – Ніжні Ноўгарад, Ялта і невялічкая вёска Вяззе. Пра крымскі і ніжагародскі дом Багдановіча мы пакуль казаць не будзем. Хай адсутнасць там адмысловага музея будзе на сумленні ўсходніх суседзяў. Увогуле шкада, што і магіла Багдановіча, знаходзіцца ў спрэчным Крыме, у які сёння ездзіць цяжка, у прамым і пераносным сэнсе. У лепшыя часы варта было б падняць пытанне аб пахаванні М. Багдановіча ў Мінску.
Дзяцінства беларускага песняра было звязана, сярод іншага, з вёскай Вяззе (сёння гэта Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці), бо менавіта тут жыла ягоная цётка С. А. Секержыцкая, да якой ён прыязджаў яшчэ ў 1895 годдзе разам са сваей маці Марыяй і братамі Вадзімам і Лёвай. На доме цёткі была ў 1984 годдзе ўсталявана мемарыяльная дошка. Такім чынам, галоўны брэнд Вяззя ў тым, што тут, у дзіцячыя гады, у летні час, гасціў Максім Багдановіч. Дом, дзе ён жыў тады, знік у ліхі час 1990-х. Ці то спалілі, ці то разбурылі, дакладна не вядома. Хоць пад час перабудовы туті жадалі зрабіць невялічкі музей, кшталту таго, які мы ведаем у Ракуцёўшчыне, але не паспелі. Але ж ці не паправіць гэта зараз?
У Вяззе дабрацца не складана, вёска знаходзіцца ў сямі кіламетрах на поўнач ад Асіповіч. Тым больш, што ў клубным музее, дзе сярод шмат якіх экспанатаў, можна ўбачыць дакладную копію дабротнай міні-хаткі, дзе ў 1895 годдзе, пад час летняга адпачынку, Максімка Багдановіч упершыню пачуў роднае слова. Менавіта ў Вяззі ён пачаў размаўляць па-беларуску. Таму, Вяззе можна смела параўнаць з Ракуцёўшчынай, дзе Максім дасканала вывучаў беларускую мову.
Хтосьці падымаў пытанне ўстаноўкі на месцы дому, дзе жыў чатырохгадовы Максім Багдановіч, валуна з мемарыяльнай дошкай. Аб аднаўленні дома, як музею, ніхто гутарку не вёў. Цяпер, зразумела, нікому не да гэтага.
Максім Адамавіч Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 году ў Мінску. Дом, у якім ён нарадзіўся, не захаваўся. Але вось, што здзіўляе… Праз некалькі год, пасля свайго нараджэння, Багдановіч пакінуў Беларусь, бо яго сям’я з’ехала на працу ў Расію. Больш сюды ён не вяртаўся ажно да Першай сусветнай вайны. Максім Багдановіч, у больш сталым узросце, чуў вакол сабе, толькі расійскую мову. Тым не менш, свае вершы, амаль усе, ён пісаў па-беларуску! Дык можа гэта сталася з прычыны тых самых вакацый у вёсачцы пад Асіповічамі? У Мінску і Горадні тады, як і цяпер мала гучала тая сакавітая беларуская мова, іншая справа ў нашай вёсцы.
Як бы там не было, Вяззе пакінула адмысловы след у яго творчасці. Бо сям’я не вельмі вітала яго захапленне беларускай мовай. Аб гэтым сведчыць перапіска маці пра падарожжа ў Вяззе (“Іншы раз ён такое беларускае слова выпаліць, што хоць пад землю правалісь”). І гэта добры прыклад для ўсіх нас.
Што ж, будзем шчыра спадзявацца, што калі-небудзь можна будзе наведаць музей Максіма Багдановіча ў Вяззі. Слынны беларускі пясняр гэта заслужыў на ўсе 100 адсоткаў!