Лістапад непрыкметна здымае з дрэў апошняе лісце, а ручайкі на вокнах і лужыны на дарогах, якія даўно патрабуюць рамонта, становяцца звыклымі.
На падваконніках усё часцей можна заўважыць вялiкiх сініц і вераб’ёў, а гэта значыць, надыйшоў час вешаць кармушкі, а яшчэ даставаць пледы, свечкі, новую кнігу, запасіцца духмянай гарбатай і з’ездзіць да мамы па малінавае варэнне.
Наперадзе нас чакае як мінімум чатыры месяцы, калі ўсё гэта будзе вельмі дарэчы. А пакуль давайце ўспомнім, якім яркім быў пачатак гэтай восені, якая дарыла нам цеплыню так доўга, што дагадзіла, мусіць, нават самым заўзятым песімістам, якія ўжо ў канцы лета пачынаюць чакаць наступнага.
Больш за ўсіх пашанцавала тым, у каго была магчымасць пабываць у восеньскім лесе. Тамака апроч усяго іншага можна сустрэць грыбы і не сустрэць людзей. І ўся гэтая прыгажосць вакол толькі для цябе. А калі грыбы апынуцца ядомымі, то атрыманую эстэтычную асалоду ўвечары можна будзе закусіць сытнай смажанкай.
Але, калі ў лес патрапіць не давялося, у тваім горадзе абавязкова ёсць парк. І нават, калі ён у гнятлівым стане, увосень і тамака будзе хораша.
А яшчэ можна проста шпацыраваць па сваім горадзе. Хадзіць па нязведаных яшчэ дарогах, знаходзіць цікавыя месцы, запамінаць, а потым паказваць сябрам.
Самае галоўнае навучыцца бачыць прыгажосць. Яна вакол цябе ў любой краіне, у любым горадзе і ў любую пару года. І калі ты навучышся яе заўважаць, то ўсе сезоны стануць для цябе любiмымі. Нават восень, нават лістапад.