Памерла Вольга Капланоўская

Дзяўчына далучылася да дэмакратычнага руху яшчэ ў 2006 годзе. У 2020-м яна была вымушаная пакінуць Беларусь і аказалася спачатку ва Украіне, а пасля перабралася ў Польшчу. 

“Вольга Капланоўская (ранейшае прозвішча Жураўлёва) была топавай удзельніцай шматлікіх акцый дэмакратычнай апазіцыі. У 2006-2008 гадах яна была ў першых шэрагах усіх мітынгаў і шэсцяў, непаўналетняя, але такая бойкая і смелая, ужо тады насіла расцяжкі і скандавала лозунгі, прагла перамен і лепшага жыцця Беларусі. Была ў шэрагах “Маладога Фронту”, была ў АГП, супрацоўнічала з “Гавары праўду” і “Нашым Домам”. Была ўдзельніцай арганізацыі “Альтэрнатыва” з першых дзён яе заснавання. Яна і подпісы збірала, і актыўна распаўсюджвала друкаваныя матэрыялы, і не баялася хадзіць на розныя вулічныя акцыі.  Яшчэ яна была сапраўднай душой кампаніі, упрыгожвала шэраговыя зборы і вячоркі сваім зачараваннем і невычэрпным пазітывам.

9 жніўня 2020 года, пасля абвяшчэння вынікаў чэсных “выбараў”, выходзіла на акцыю пратэсту ў Жодзіне. Падчас канфліктнай сітуацыі з сілавікамі зламала руку. Крыху пазней яна трапіць пад увагу ўладаў за непажаданыя каментарыі ў сацсетках. Паспее з’ехаць з краіны. Але не зможа дачакацца тады запаветнага дня перамогі. Так склаўся лёс… Велімі шкада. Шчырыя спачуванні яе родным”, — каментуе лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.  

29 траўня 2014 года Вольга зладзіла адзіночны пікет — выйшла на Кастрычніцкую плошчу Мінска з плакатам «Смерць крамлёўскім акупантам!» у знак пратэсту супраць падпісання ў Астане дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Яе затрымалі, але вечарам адпусцілі: у яе быў малалетні сын. За акцыю ёй прысудзілі штраф, а з яго аплатай дапамаглі неабыякавыя беларусы. 

У 2020 годзе Вольгу затрымалі за допісы ў сацсетках, запісалі відэа. Яна вымушана была пакінуць Беларусь. Спачатку жыла ва Украіне, але пасля пачатку вайны пераехала ў Польшчу, дзе папрасіла палітычны прытулак. 

Вольга памерала яшчэ 15 красавіка, але пра гэта стала вядома толькі цяпер. Ёй было 33 гады, засталося 2 дзяцей, і цяпер яны знаходзяцца пад апекай у Польшчы. Вядома, што пахаваць яе плануюць у Менску.

Некаторыя эпізоды з актыўнасці Вольгі ў ранейшыя часы

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.