Падарожжа ў старажытны Лукомль

Аграгарадок Лукомль — адно з самых старажытных паселішчаў на тэрыторыі Беларусі (упершыню згадваецца ў 1078 годзе). Знаходзіцца яно ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. У былыя часы Лукомль нават быў сталіцай уласнага княства

 Але ў часы сярэднявечча княства паступова спасцігла заняпад, далейшага развіцця не адбылося. У 1563-м годзе маскоўскія войскі Івана Жахлівага, падчас Лівонскай вайны, зруйнавалі лукомльскі замак, разрабавалі і пабілі мясцовых жыхароў. Нягледзячы на гэта, жыццё мястэчка не згінула, гаспадарка ды дзейнасць рэлігійных устаноў паступова адрадзіліся. Вядома, што яшчэ ў 19-м стагоддзі тут існавалі Мікалаеўскі манастыр і касцёл, кляштар францысканцаў, праваслаўная царква, 3 сінагогі, народная вучэльня.

Апошнія цвікі ў старажытнае аблічча Лукомля забілі бальшавікі, а таксама немцы ў перыяд Другой сусветнай. Цяпер на месцы гістарычных аб’ектаў стаяць тыповыя будынкі сельсавету, вясковага клубу, а таксама двухпавярховыя сталінскія баракі. Дарэчы, некаторыя з іх у занядбанні.

Вось як адметна ўзгадвае Лукомль рускі акадэмік Баярынцаў у сваёй працы «Черта оседлости и русская революция»:

«Характерным примером совместной жизни славян и евреев является история Лукомля, расположенного в Белоруссии. В 14-15 веках это была столица особого удела, имела укреплённый замок и стала известна тем, что князь Иван Лукомский пытался убить Ивана III, а также активным участие в междоусобной борьбе».

Аб старажытнасці Лукомля падарожніку тут амаль нічога не нагадвае. Так цяпер выглядае цэнтр мястэчка:

Паводле аналізу пісьмовых і археалагічных крыніц Лукомльскай хронікі доктара гістарычных навук, прафесара Георгія Штыхава, у манаграфіі «Лукомль: археалагічны комплекс жалезнага веку і сярэднявечча», робіцца цікавая выснова, што першыя жыхары пасяліліся на Лукомльскім гарадзішчы на мяжы нашай эры. Гэта былі балты — носьбіты днепра-дзвінскай археалагічнай культуры.

У другой чвэрці І тысячагоддзя нашай эры сюды праніклі перасяленцы кіеўскай культуры, якіх большасць сучасных даследчыкаў лічыць славянамі. У трэцяй чвэрці І тысячагоддзя гарадзішча засялялі носьбіты банцараўскай культуры.

У апошніх стагоддзях І тысячагоддзя Лукомль становіцца адным з умацаваных цэнтраў летапісных крывічоў, якія пакінулі па сабе так званую археалагічную культуру смаленска-полацкіх доўгіх курганоў.

У перыяд Х стагоддзя Лукомль становіцца адным з гарадскіх цэнтраў Полацкага княства, уладу ў якім у гэты час бярэ ў свае рукі першы вядомы нам з летапісаў князь Рагвалод. У ХІ — ХІІІ стагоддзях Лукомль быў адной з полацкіх крэпасцей, якая ўпершыню згадваецца ў летапісе ў 1078 годзе ў сувязі з канфліктам паміж Усяславам Чарадзеем і Уладзімірам Манамахам.

У пачатку XIV стагоддзя Лукомль увайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага.

Такім да нашых дзён захавалася Лукомльскае замчышча. Побач з ім няма ні шыльды, гэтаксама ні лесвіцы, каб патрапіць на яго тэрыторыю:

Навокал – хараство прыроды:

Па вуліцы М.Горкага можна сустрэць тэрыторыю прыватнага княства (так свой маёнтак прадставіў нам яго гаспадар). На будынку і гаражы сапраўдны шэдэўр народнага мастацтва, зроблены з каляровых накрывак. Насупраць будынка – уласнаручна выкапаны маленькі вадаём з рэлакс-пляцоўкай.

У цэнтры ўвагі мясцовых уладаў – пашана байцоў Чырвонай арміі:

У аграгарадку працуюць 2 невялікія крамы. Хлебабулачныя вырабы прадаюцца ў адмысловай плёнцы. Усё як трэба:

Павольнае вясковае жыццё:

За ваколіцамі аграгарадка – Лукомльскае возера, дзе знаходзіцца вялізная цеплавая электрастанцыя. Дарэчы, гэта яна вырабляе электраэнергію для беларускай сталіцы.


Яшчэ адна з асаблівасцяў, якая з большага дажыла да нашых дзён – курганы і курганныя могільнікі, якіх у ваколіцах Лукомля даволі шмат. Такія могільнікі можна разглядаць як рэшткі некропаля старажытнага Лукомля. Напрыклад, у канцы 19-стагоддзя, за 0,9 км ад гарадзішча ва ўрочышчы Праклятае поле, была знойдзена курганная група, дзе 6 курганоў размяшчаліся ў 2 рады. Там былі знойдзены трупапалажэнні з вялікай колькасцю рэчаў, сярод якіх сякера-чакан, наканечнікі дзідаў, берасцянае вядро з жалезнымі абручамі.

Але і па сённяшні дзень недаследаванымі (і, магчыма, не знойдзенымі) застаюцца многія іншыя мясцовыя курганы і суседнія гарадзішчы. Недзе там, пад зямлёй, яны працягваюць захоўваць таямнічыя адметнасці культурнай даўніны.

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.