Пачаўся збор подпісаў за вяртанне ў Мінск Феліцыянаўскай і Койданаўскай вуліц

Грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” прапануе сталічным уладам вярнуць Камсамольскай і Рэвалюцыйнай вуліцам іх гістарычныя назвы. У падтрымку такой прапановы пачаўся адмысловы збор подпісаў.

Цяпер вуліцу Рэвалюцыйную і частку Камсамольскай актыўна рамантуюць – тут ствараецца пешаходная тэрыторыя. На гэтым участку будуць усталяваныя разнастайныя мастацкія кампазіцыі, гандлёвыя павільёны, фантан, скульптурная кампазіцыя “Time”. Мяркуецца, што гэта павысіць турыстычную цікавасць да абноўленых вуліц, а таксама дапаможа часткова разгрузіць цэнтр ад аўтатранспарту.

“Самы час звярнуцца да гарадскіх чыноўнікаў з прапановай вярнуць гэтым вуліцам іх старажытныя назвы – Рэвалюцыйнай – Койданаўскую, а Камсамольскай – Феліцыянаўскую. Улічваючы, што гэты ўчастак будзе трансфармаваны ў пешаходны, тут будуць прадстаўлены цікавыя архітэктурныя кампазіцыі, ліхтары ў стыле ХІХ стагоддзя, стаіць задача усё зрабіць цікавым для жыхароў і госцей сталіцы, то варта падкрэсліць гэтае месца яго гістарычнай асаблівасцю – старажытнай тапанімікай. У нас у кожным горадзе ёсць вуліцы з назвамі Рэвалюцыйная і Камсамольская, а вось сваіх 

першапачатковых назваў вуліц амаль нідзе няма. Давайце жа выправім гэта, пакажам нашую адметнасць вярнуўшы гэтым вуліцам іх назвы!”, – каментуе Алег Корбан.  

На сайце https://petitions.by/petitions/1550 прадстаўлена электронная петыцыя, дзе кожны жадаючы можа паставіць свой подпіс. У падтрымку зварота таксама плануецца ладзіць і вулічны збор подпісаў. 

“Галоўнае, каб улада, нарэшце, падтрымала ідэю, а там ужо справа тэхнічная. Напрыклад, калі ў бюджэце не знойдзецца сродкаў на рэалізацыю дадзенай прапановы, мы гатовы зладзіць праз краудфандынг народны збор грошай і такім чынам паскорым працэс вяртання нашай гістарычнай тапанімікі”, – каментуе лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.   

   Нагадаем, вуліца Феліцыянаўская праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на плошчы Свабоды), у адной вежы якога захоўваліся мошчы святога Феліцыяна, абаронцы горада. Паколькі Феліцыян быў прызнаны святым яшчэ да расколу хрысціянскай царквы, яго вызнавалі пакутнікам як праваслаўныя, так і каталікі. На Дзень Святога Феліцыяна, 6 лютага, нават ладзіліся Дні горада, дзе свята ператваралася ў маніфест яднання ўсіх хрысціян.

Вуліца Койданаўская атрымала сваю назву ад мястэчка Койданава, кірунак на якое яна паказвала. Вуліца была пракладзена ў канцы XVI стагоддзя і злучала цэнтральную плошчу горада са шляхам, які вёў у бок мястэчка Койданава (зараз горад Дзяржынск).           

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.