У гэтым годдзе спаўняецца 500 гадоў славутаму манастыру ў Жыровічах!
Месціцца гэтая святыня ў 10 кіламетрах ад Слоніма, у маляўнічых месцах каля ракі Шчара.
У Жыровіцкім манастыры я быў у далёкім 2005 годдзе. Тады мяне ўразіў сам кляштар і купель са сцюдзёнай святой вадой. Для тых, хто жадае рызыкнуць ды акунуцца ў купель, хачу нагадаць, што тэмпература купелі не больш 3 градусаў.
Для даведкі. Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр — гэта былы ўніяцкі, а цяпер праваслаўны мужчынскі манастыр у Жыровічах Слонімскага раёну, Гродзенскай вобласці Беларусі.
Манастыр быў заснаваны ў далёкім 1520 годдзе. Закладзены ён быў на месцы, дзе, паводле падання, у 1470 годдзе, цудоўным чынам з’явіўся абраз Маці Божай, названы Жыровіцкім. Напачатку манастыр быў праваслаўным.
У 1613 манастыр перайшоў у рукі грэка-католікаў. Намаганнямі базыльянаў, за часы ўніяцтва, быў узведзены вялізны манастырскі комплекс з мураваных храмаў. У XVII —XVIII стагоддзях манастырскі комплекс быў духоўным і адміністрацыйным цэнтрам літоўскіх уніятаў.
У 1730 годдзе, у прысутнасці дзясяткаў тысячаў католікаў візантыйскага, лацінскага абраду, а таксама іншых вернікаў, цудатворная ікона Маці Божай была каранаваная залатымі папскімі каронамі. Маці Божая абвешчана апякункай, заступніцай беларускага народу. Гэта сімвалічна.
У XVII —XVIII стагоддзях Жыровіцкі манастыр лічыўся самым вядомым у Літве. У тыя часы, як і зараз, яго можна было параўнаць з Чэнстахоўскім кляштарам, што ў Польшчы. Будаўніцтва ў Жыровіцах працягвалася да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Вядома, што тут мелася невялікая тыпаграфія, а побач з ёй быў шыкоўны сад.
У 1828 годзе пры Жыровіцкім кляштары была адчыненая духоўная семінарыя.
У 1839 годдзе І. Сямашка, карыстаючыся падтрымкай расейскай улады, перавёў частку манахаў Жыровіцкага манастыра ў праваслаўе. Упартых манахаў ён адправіў на выпраўленне ў адмыслова прызначаныя для гэтых мэтаў іншыя кляштары. Неўзабаве ўвесь комплекс трансфармаваўся ў праваслаўны манастыр.
Што з адметнага, дык тое, што да XIX ст. у Жыровіцах захоўваўся рукапісны помнік сярэднявечча — Жыровіцкае Евангелле!
Дзякуючы таму, што да верасня 1939 года Жыровічы не ўваходзілі у склад БССР, манастыр ніколі не прыпыняў сваю дзейнасць. Вядома, што ў 1934 годзе польскія ўлады размясцілі ў частцы манастыру сельскагаспадарчую школу, а сам кляштар тады стаў каталіцкім…
У другой палове 1980-х – пачатку 1990-х гадоў пачалося адраджэнне кляштара. У 1989 годзе, пасля 26-гадовага перапынку, аднавіла працу духоўная семінарыя.
Асобна адзначу Успенскі сабор. Ён быў заснаваны ў 1613 годдзе, як галоўны храм кляштара базыліян. Быў пабудаваны ў стылі барока. Мураваная трохнефавая крыжова-купальная базіліка даўжынёй 55 м і вышынёй каля 40 метраў мае паўкруглую алтарную апсіду. Да Успенскага сабора прымыкаюць малыя цэрквы. У галоўнай частцы сабора меліся дзве вуглавыя вежы, характэрныя для віленскага барока. Падчас рэканструкцыі ў 1828 годзе вежы разабралі. У межах асноўнага аб’ёму, захаваліся толькі іх ніжнія ярусы.
Пасля рэканструкцыі Успенскі сабор набыў рысы класіцызму. Былі зменены дэкор, форма светлавога барабана і купала; фасады аздоблены падвойнымі калонамі і пілястрамі і завершаны трохвугольнымі франтонамі. Інтэр’ер сабора захаваў барочны характар. Манументальная конха цэнтральнага двухсветавага нефа прарэзана люнетамі, і запоўнена фрэскай «Спас Пантакратар». Архітэктурна-канструкцыйнае вырашэнне, накіравана на падкрэсліванне, бязважкасці гэтай часткі інтэр’ера. Скляпенне купала, імітуе нябесную сферу…
Менавіта тут, у саборы і знаходзіцца цудатворная ікона «Маці боскай Жыровіцкай». Да сярэдзіны XIX ст., у жыровіцкім манастыры захоўвалася знакамітае «Жыровіцкае евангелле». Але ж цяпер «Жыровіцкае евангелле» зберагаецца ў Навуковай бібліятэцы АН Літвы.
Царква Узвышэння Святога Крыжа. Крыжаўзвіжанская царква ў Жыровіцкім кляштары была змуравана да 1769 г. Гэта быў перыяд росквіту віленскага барока, калі манастыр у Жыровічах быў уніяцкім. Царква пастаўлена на самай высокай кропцы рэльефу. Адзначалася, што Крыжаўзвіжанская царква з’яўляецца храмам-кальварыяй. І, імітуе шлях Ісуса Хрыста на Галгофу. Напярэдадні Пасхі гэты шлях паўтараюць укленчаныя вернікі.
Богаяўленская царква Успенскага манастыра. Гісторыя будаўніцтва Багаяўленскай, Крыжаўзвіжанскай цэркваў Успенскага манастыра даволі міфалагізаваная. Дата ўзвядзення Багаяўленскай царквы вар’іруецца рознымі даследчыкамі ад 1672 года і да канца XVIII ст. Аднак многія мастацтвазнаўцы прыводзяць да высновы, што гэтыя дзве цэрквы ствараліся адначасова каля 1769 г. у перыяд росквіту барока. Тады вядомы манастыр у Жыровічах быў уніяцкім.
Сама царква ўзведзена з камення ў цэнтры манастыра на месцы з сакральнай містычнай адзнакай – тут, на камені паўторна з’явіўся славуты абраз Маці Божай Жыровіцкай. Тая царква накрыта дахам з драўляным барабанам і купалам, у сярэдняй частцы. Сапраўдная славутасць!
Сябры! Усім раю павандраваць у Жыровіцкі манастыр, не пашкадуеце!