Недарэчная вучэльня ў былым кляштары шарытак

Нядаўна даведаўся пра тое, што ў Мерачоўшчыне, каля Косава, на радзіме Тадэвуша Касцюшкі, нарэшце будзе ўсталяваны помнік яму. Пазітыўная ды файная навіна! 

Дарэчы, сёння, у Беларусі ёсць толькі два помніка выбітнаму генералу – у Сяхновічах, былым маёнтку рода Касцюшкаў (раней знаходзіўся ў Кобрыне), і ў Мінску, на тэрыторыі амбасады ЗША, але сюды так проста не патрапіш. Раней, “за польскім часам”, было яшчэ два помніка Касцюшку – у Берасці і ў гарадскім пасёлку Мір. Але яны не перажылі савецкай улады. А вось, зусім побач, з амерыканскай амбасадай, знаходзіцца вайсковая вучэльня, якая носіць імя ворага Тадэвуша Касцюшкі, душыцеля паўстання 1794 года – Аляксандра Суворава. Вось жа што цікава, пад гэтую вайсковую вучэльню былі перабудаваныя колішнія касцёл і шпіталь сясцёр міласэрнасці — помнік архітэктуры XIX ст. у Мінску. Гмах быў пабудаваны ў 1811 годзе. У некалькіх сучасных публікацыях чамусьці сустракаецца памылковае атаясамленне менскага касцёла, кляштара, шпіталя сясцёр міласэрнасці (шарытак) з кляштарам мар’явітак, які ў XVIII –пачатку ХІХ стагоддзя знаходзіўся на Францішканскай (Ленінскай) вуліцы.

Сам Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці (шарытак) знаходзіцца на Траецкай Гары. У наш час, у будынках комплексу, размяшчаецца Сувораўская вайсковая вучэльня. Ён твор архітэктуры ампіру.

Пасля пажара 14 жніўня 1809 году, у якім згарэў Фарны касцёл, біскуп менскі Якуб Дадэрка зрабіў спробу заснаваць на Траецкай Гары новую святыню. На заказ Менскага дабрачыннага таварыства архітэктар Міхал Чахоўскі тады распрацаваў праект пабудовы на рынкавым Траецкім пляцы (рынак тады быў на месцы скверу) комплексу касцёла і шпіталя сясцёр міласэрнасці. У 1810 годзе Я. Дадэрка ўрачыста асвяціў падмуркі касцёла Панны Марыі. Пры тым комплексе дзейнічаў шпіталь міласэрнасці, у якім манашкі ордэна Вінцэнта, у той час, даглядалі сіротаў, старых і жабракоў. Але муры комплексу ўзвялі толькі часткова. Па задушэнні паўстання 1830 г., ў 1840-я ўлады Расійскай імперыі змусілі Менскае таварыства дабрачыннасці прадаць касцёл Панны Марыі і шпіталь Маскоўскаму патрыярхату, пад духоўную семінарыю, якая размясцілася тамака ў 1854 годзе. Між іншым, калі патрапіць ў тыл гмаха, то і зараз, можна ўбачыць апсіду (частка храма, дзе размяшчаецца алтар), альбо часткі касцёла шарытак. Але… сёння гэта могуць пабачыць толькі вучні ды працаўнікі вучэльні, бо у гэтую ўстанову забаронены ўваход звычайным грамадзянам. Апроч гэтай установы, захавалася два будынка кляштара, якія сёння знаходзяцца па вуліцы Заборскага. Іх стан жадае лепшага…

Але муры комплексу ўзвялі толькі часткова. Ад пачатку дамінантай гэтага комплексу быў мураваны касцёл — помнік архітэктуры стылю ампір. Да яго, з двух бакоў, далучаліся і кляштарныя карпусы. Па задушэнні паўстання 1830-31 гг., у 1840-я гады, улады Расійскай імперыі змусілі Менскае таварыства дабрачыннасці прадаць шпітальныя будынкі Маскоўскаму патрыярхату пад духоўную семінарыю, якая размясцілася там ў 1854 годзе. Комплекс шарытак першы раз быў перабудаваны па праекце архітэктара А. Мельнікава. І уяўляў сабой двухпавярховы гмах у стыле неакласіцызму. Два паверхі вучэльні амаль і не змяніліся.  Духоўная семінарыя пераехала ў Менск са Слуцка. За савецкім часам у будынках колішняй семінарыі працавалі Менскія пяхотныя курсы, на чале з легендарным Я. Фабрыцыусам, якія ў 1924 трансфармаваліся ў Аб’яднаную беларускую школу — сярэднюю вайсковую навучальную ўстанову з беларускай мовай навучання. Тут была і ваенная школа А. Алёхіна. Апроч гэтага, у розныя гады тут праводзіліся пяхотныя курсы.

Пасля вайны 1941-1945 гг., у колішнім сакральным комплексе размясцілася Сувораўская ваенная вучэльня. У 1953 годзе старыя будынкі істотна перабудавалі (праект архітэктара Г. Заборскага). Па перабудове ў 1953 годзе да касцёла і будынкаў шпіталя дабудавалі два паверхі, у выніку чаго комплекс набыў рысы ампіру і савецкага неакласіцызму. Фасад гмаха упрыгожваюць шматлікія гарэльефы. На скрыжаваных воінскіх штандарах – надпісы: “Сувораў. Навука перамагаць”, “Маркс, Энгельс, Ленін, Сталін”. А над вучэльняй і былымі кляштарнымі, ці шпітальнымі будынкамі, грозна навісае “дом Чыжа”, яшчэ адзін “твор” сённяшняй эпохі. Дарэчы, нядаўна імем Заборскага назвалі былы Семінарскі (Камунальны) завулак.

Цікава, ці доўга прыйдзецца чакаць, калі Сувораўская вучэльня будзе мець у нашай краіне імя Касцюшкі, ці якога іншага, з вядомых беларускіх ваяроў? І не трэба казаць, што для Расіі Сувораў выбітны ваенны дзеяч. Хай ў Расіі яго шануюць, нам да гэтага няма дачынення, тым больш, калі ўлічыць, колькі крыві і гора на ім…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.