Сёння ўвесь цывілізаваны свет у шоку ад злачыннага ўварвання расійскіх войскаў на тэрыторыю суверэннай Украіны. Такой жахлівай і страшнай агрэсіі, калі гінуць звычайныя мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, руйнуюцца будынкі і сацыяльныя аб’екты, знішчаюцца вёскі і гарады, ня можа быць аніякіх апраўданняў!
“Альтэрнатыва” пераканана, што любыя спрэчныя пытанні ў 21-м стагоддзі мусяць вырашацца дыялогам, мірна і кампрамісна, у тым ліку з удзелам пасярэднікаў і міратворцаў. Так званая “ваенная спецыяльная аперацыя”, якая, насамрэч, з’яўляецца сапраўднай вайной, не вырашыць пазітыўным шляхам ніякіх праблем, наадварот, толькі іх павялічыць, а яшчэ можа стаць прычынай хуткага і ганебнага краху для яе пачынальнікаў. Украінцы ўжо ніколі не даруюць. Ад краіны-агрэсара адвернуцца нават учорашнія сябры. Апроч таго, усё грамадзяне цяперашняй Расіі могуць хутка стаць ізгоямі ва ўсім развітым свеце.
Нягледзячы на вайсковую моц і рэсурсную перавагу расійскай дзяржавы, ёй усё ж немагчыма сілай прымусіць палюбіць “рускі мір”, немагчыма зламаць адвагу ўкраінца, запалохаць і знішчыць тых, хто абраў ідэал свабоды сваёй рэлігіяй, гэтаксама, відавочна, што немагчыма за 3 дні захапіць Кіеў, як бы таго не хацелі крамлёўскія ўладары ды іх шалёныя васалы.
Украіна мае вялікі патэнцыял, мае шмат сяброў, якія не пакінуць гэты народ сам насам у бядзе. Таму якімі б у ворага не былі планы па захопу і знішчэнню гэтай краіны, ім не збыцца — Украіну ёсць каму абараняць! І тут, калі спатрэбіцца, будзе ўпісаны ў гісторыю новы цуд, кшталту Віслы, ці гістарычнага Ватэрлоо.
Шаноўныя сябры-украінцы! Уся свядомая грамада Беларусі разам з вамі!
Верым, што у вас атрымаецца годна перажыць гэтыя страшныя выпрабаванні і выйсці Пераможцам!