Уладам Навагрудка накіраваны зварот з 350 подпісамі мясцовых жыхароў з прапановай усталяваць ў цэнтры горада дублюючыя шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц.
Напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня актывісты грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” ладзілі адмысловы збор подпісаў сярод жыхароў Навагрудка пад калектыўным зваротам да гарадскіх уладаў з мэтай падкрэсліць гістарычнае мінулае гэтага мястэчка – усталяваць на гістарычных вуліцах шыльды з пералікам іх старажытных назваў. Паводле актывістаў, збор подпісаў прайшоў без эксцэсаў, на даволі пазітыўнай ноце.
У звароце прапануецца ўсталяваць дублюючыя шыльды пад актуальнымі назвамі вуліц, сярод якіх, вуліца Савецкая (раней Касцёльная), 17 верасня (раней Фальваркавая), 1 мая (раней Кавальская), Інтэрнацыянальная (раней Татарская), Пушкіна (раней Фарная), Сечка (раней Віленская), Паштовая (раней Базылянская), а таксама плошчы Леніна (раней Рынак пляц) і інш. Усяго 17 вуліц і 1 плошча.
Нагадаем, шыльды з пералікам гістарычных назваў вуліц ужо ёсць у Мінску, Гродне, Баранавічах, Клецку, гарадскіх пасёлках Халопенічы і Мір. Ці далучыцца да гэтага спісу старажытны Навагрудак – будзе вядома ў наступны месяц.