Наш беларускі Калізей

Нядаўна я здзейсніў цікавую вандроўку ў мястэчка Ружаны, што ў Брэсцкай вобласці.

У Ружаны паехаў таму, што не так даўно, у Слоніме быў пастаўлены першы ў Беларусі помнік славутаму канцлеру Вялікага княства Літоўскага, выбітнаму дзеячу гісторыі – Льву Сапегу. І, менавіта Ружаны (таксама, як Гальшаны, Быхаў, Высокае), былі сталіцай роду Сапегаў. Тут захаваліся руіны замка Сапегаў, якія цяпер паступова аднаўляюцца.

Леў Іванавіч Сапега (1557, Астроўна, цяпер Бешанковіцкі раён —1633, Вільня), адзін з найбольш уплывовых дзяржаўных дзеячаў Літвы і Рэчы Паспалітай ў канцы XVI — 1-ай трэці XVII cт. Нарадзіўся ў магнацкай сям’і, якая мела ўплывовыя сваяцкія сувязі, валодала багатымі маёнткамі. Гэта давала магчымасць зрабіць бліскучую кар’еру ў ВКЛ.

Вядома, што род Сапегаў быў праваслаўным, але Льва ў сямігадовым узросце аддалі вучыцца ў Нясвіж, у пратэстанцкую школу, дзе выкладалі запрошаныя ўладальнікам Нясвіжа М. Радзівілам-Чорным вядомыя тагачасныя дзеячы навукі і культуры. Леў Сапега авалодаў польскай, нямецкай, лацінскай, грэчаскай мовамі. У 13-гадовым узросце ён паехаў у Лейпцыгскі ўніверсітэт, дзе вывучаў гісторыю рымскага і царкоўнага права, там ён знаёміцца з мастацтвам Рэнесансу.

Пасля вяртання ў Літву па хадайніцтве М. Радзівіла-Рудога яго прымаюць на службу да двара караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя, які быў уражаны эрудыцыяй і ведамі юнака. У 1580 годзе, ва ўзросце 23 гадоў, Леў Сапега атрымаў пасаду сакратара, а ў 1581 г. пісара ў Канцылярыі ВКЛ. У гэтым жа годзе ён выступіў асноўным арганізатарам стварэння Трыбунала ВКЛ — вышэйшага апеляцыйнага суда краіны. Са згоды Жыгімонта Вазы, пераемніка Стэфана Баторыя, Сапега ўзначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статута ВКЛ, выдатнага помніка юрыдычнай думкі, які быў надрукаваны ў 1588 за ўласны кошт з напісанымі да яго дзвюма прадмовамі: адна — зварот да Жыгімонта Вазы, другая — зварот да жыхароў ВКЛ.

Аўтарытэт Льва Сапегі ў ВКЛ быў вялікі, таму, нягледзячы на разыходжанні поглядаў на палітыку, Жыгімонт Ваза ў 1589 назначыў яго канцлерам ВКЛ. Гэту пасаду Сапега займаў на працягу 34 гадоў! У 1621годзе стаў таксама і ваяводам віленскім, а з 1625 адначасова і вялікім гетманам Літоўскім. Да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зельву на Слонімшчыне, Асвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладанняў князёў Лукомскіх, Здзяцель (Дзятлава) на Новагародчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладанняў. Ён жа выкупіў Іказнь і Друю ў нашчадкаў кодзенскай галіны роду Сапегаў. У яго ўладанні знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Свіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і інш. Багацці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швецыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў час г.зв. Рускай смуты пачатку 17 ст.. Сапега таксама падтрымліваў ідэю уніяцтва (з 1596 г.), бо лічыў, што рэлігійнае адзінства спрыяла б умацаванню дзяржавы і пазбавіла б яе ад многіх унутраных канфліктаў. Разам з тым, Сапега быў катэгарычным праціўнікам гвалту як сродку ўмацавання веры. Сам перайшоў з праваслаўя ў кальвінізм, а ў 1588 прыняў каталіцтва, быў адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. На яго час прыпаў перыяд цяжкіх ваенных канфліктаў на паўночна-заходніх, усходніх і паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай. Ён неаднаразова ўдзельнічаў у баявых дзеяннях (у тым ліку Лівонскай вайне), ахвяраваў сваю маёмасць на ўтрыманне арміі Літвы — сабраны на сродкі Льва Сапегі полк удзельнічаў у бітве пад Вялікімі Лукамі, пры аблозе Пскова. Сапега ўзначальваў пасольства ВКЛ па працягу дзеяння Ям-Запольскага міру. Праславіўся Сапега і як мецэнат, на свае сродкі ён адкрываў школы, шпіталі, прытулкі. У сваіх маёнтках ён сабраў каля 3 тыс. кніг. Паклаў пачатак ружанскаму архіву, а ў старасці займаўся ўпарадкаваннем Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.

Гарадскі пасёлак Ружаны быў вядомы з сярэдзіны XVI ст., як мястэчка. Тут, выраблялі дываны, шпалеры, мастацкія паясы, праходзіў гандаль.

У канцы XVI ст. тут быў пабудаваны замак, рэзідэнцыя Сапегаў. Гэты бастыён меў абарончы характар. Пад гмахам, у падвалах, захоўваўся арсенал, а таксама архіў. Дарэчы, тыя замкавыя падвалы захаваліся. Яны і сёння уражваюць і глыбінёй, і аб’ёмам…

Пасля вайны са Швецыяй, іншых войнаў, замак у пачатку ХVIII стагоддзя стаў звычайным палацам, страціў абарончы характар. У 1788 годдзе яго перабудавалі ў стылі класіцызм.

Нездарма, у той час яго сталі называць Калізеем! Палац, насамрэч, падобны на рымскі Калізей. Уязная брама палаца нагадвае знакамітую трыумфальную арку Рыма.
У палацу роду Сапегаў былі, акрамя асноўнага палаца, два карпусы, а таксама два флігеля. У адным з карпусоў палаца дзейнічала тэатральная заля. Ва ўсходнім корпусе, акрамя тэатра, быў манеж. У заходнім корпусе (не захаваўся) была карцінная галерэя. З канца XVIII – да пачатку ХХ стагоддзя, у палацы знаходзілася суконная фабрыка. Цяжкімі выпрабаваннямі для палаца былі Першая і Другая сусветныя войны. Замак згарэў…

Доўгі час, прыкладна 100 гадоў, замак быў зруйнаваны… Прыкладна дзесяць гадоў таму тут пачалося доўгачаканае аднаўленне палаца. Былі адноўлены 2 флігеля, уваходная брама з гербам роду Сапегаў. Цяпер тут створаны музей роду Сапегаў. І можа быць, калі-небудзь, адновяць галоўны, усходні і заходні карпусы. Нават у выглядзе руін, палац працягвае прывабліваць турыстаў.

Што датычна мястэчка, то забудова яго цэнтру склалася ў XVII ст. Цяпер галоўная плошча называецца плошчай 17 верасня. Тут былі пабудаваны: касцёл, уніяцкая (а цяпер, праваслаўная) царква. Непадалёк ад замка, у сярэдзіне XVIII стагоддзя, была пабудавана каменная сінагога – у Ружанах жыло шмат габрэяў. Факт: Ружаны былі малой радзімай І. Шаміра, прэм’ер-міністра Ізраіля! Калі касцёл і царква цяпер дзейнічаюць, то сінагога паступова руйнуецца…

Шчыра спадзяюся, што мястэчка Ружаны, дзякуючы энтузіязму і патрыятызму нашых людзей, цікавасці з боку турыстаў, а таксама ўвагі з боку дзяржавы будзе мяняцца толькі да лепшага.

Усім раю прывандраваць у гэтае старажытнае мястэчка, не пашкадуеце!

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.