У Беларусі з’явілася новая сацыяльная рэклама па прафілактыцы парушэнняў зроку. Кампанія стартавала ў Мінску і гарадах Брэсцкай вобласці з пачаткам новага этапу дабрачыннага праекта Беларускага дзіцячага фонду і кампаніі velcom «Я бачу!».
Мэтай кампаніі з’яўляецца дыягностыка органаў зроку ў дзяцей з сельскай мясцовасці. У 2018 годзе праект «Я бачу!» рэалізуецца ў Брэсцкай вобласці, дзе было абследавана ўжо больш за 5 тысяч дзяцей.
Новую сацыяльную рэкламу можна ўбачыць на білбордах і сiцiлайтах горада. Выканана яна ў двух серыях. «Я бачу ўсё, таму што харчуюся правільна!» – гэта яркія постэры, якія распавядаюць гараджанам пра ўзаемасувязь правільнага харчавання і добрага зроку. Прычым на іх не проста дэманструюцца прадукты, якія павінны утрымлівацца ў рацыёне. Плакаты дапамагаюць скласці з іх смачныя і максімальна карысныя спалучэнні і сфарміраваць сваё меню так, каб усе патрэбныя для здароўя вачэй мікраэлементы і вітаміны засвойвалiся найбольш поўна. Серыя «Знайдзі ўсе пары вачэй!» – гэта адначасова і гульня на ўважлівасць, і нескладаная гімнастыка для вачэй.
У рамках гэтай сацыяльнай кампаніі праекту «Я бачу!» пры падтрымцы velcom, Беларускага дзіцячага фонду і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у Мінску ўсталявана 15 білбордаў і 15 сiцiлайтаў. Яшчэ 13 білбордаў і 7 сiцiлайтаў паступова з’яўляюцца ў Брэсце, Баранавічах, Кобрыне, Ганцавічах і Пружанах.
Паводле арганізатараў кампаніі, за тры месяцы 2018 года выязнымі брыгадамі афтальмолагаў праекта «Я бачу!» былі абследаваны 5835 навучэнцаў 66 сярэдніх школ Брэсцкай вобласці – у Маларыцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнах. У 2373 дзяцей былі выяўлены паталогіі зроку, 665 дзяцям патрабавалася карэкцыя пры дапамозе акуляраў, 16 школьнікаў былі накіраваны на лячэнне ў стацыянар, 60 атрымалі накіраванні на дадатковае абследаванне.