На тэрыторыі канцлагеру “Трасцянец” адкрыты мемарыял ахвярам нацызму

29 чэрвеня на тэрыторыі канцлагеру смерці “Трасцянец” пад Мінскам афіцыйна адкрыты мемарыял ва ўрочышчы Благаўшчына. У час Другой сусветнай вайны нацысты тут знішчылі больш за 200 тысяч чалавек, пераважна габрэяў.   

У цырымоніі адкрыцця мемарыяла бяруць удзел Аляксандар Лукашэнка, а таксама дэлегацыі пяці краінаў: Аўстрыі, Ізраілю, Германіі, Польшчы і Чэхіі. Аўстрыйскую дэлегацыю ўзначальвае прэзідэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен, нямецкую — федэратыўны прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер, польскую — дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзідэнта Кшыштаф Шчэрскі, чэскую — намеснік старшыні Палаты дэпутатаў Войцэх Філіп, ад Сусветнага габрэйскага кангрэсу прыбыў намеснік старшыні выканаўчага дырэктара ў пытаннях дыпламатыі Марам Штэрн.

Вядома, што пасля завяршэння афіцыйнага мерапрыемства, нямецкі прэзідэнт правядзе сустрэчу з нобелеўскай лаурэаткай Святланай Алексіевіч. Таксама вядома, што ў графіку сустрэч замежных гасцей няма наведвання не менш значнага мемарыялу ў Курапатах, дзе цяпер працягваецца грамадскае супрацьстаянне з уласнікамі скандальнай рэстарацыі “Поедем, Поедим”.      

Што датычна Трасцянцу, варта ўзгадаць і такі важны факт — гэта месца гібелі не толькі ахвяр Другой сусветнай вайны. Паводле даследчыкаў, на пачатку 1941 году ва ўрочышчы Благаўшчына каля Трасцянца савецкіх грамадзян расстрэльвалі супрацоўнікі НКВД. Таксама гітлераўцы расстрэльвалі ў Трасцянцы жыхароў Мінску, абвінавачаных у падпольнай дзейнасці. Але гэты факт сённяшні афіцыйны мемарыял замоўчвае.  

Першы крыж у Трасцянцы ў 2008 годзе быў усталяваны ў памяць пробашча Чырвонага касцёла Вінцэнта Гадлеўскага, расстралянага тут нацыстамі падчас вайны.

Падчас будаўнічых прац па стварэнню мемарыяла ў Благаўшчыне, тры драўляныя крыжы памяці ахвяраў рэпрэсій, якія ў розныя гады былі ўсталяваныя на гэтай тэрыторыі, улады вырашылі прыбраць. Атрымліваецца цікавы парадокс: афіцыйная ўлада робіць усё магчымае, каб “Трасцянец” стаў аб’ектам агульнаеўрапейскага значэння, але з пазбаўленымі ў яго змесце гістарычнымі момантамі.    

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.