Арка XVIII стагоддзя, што знаходзіцца паміж вёскамі Вялікае Сяло і Жырмуны Лідскага раёна можа быць знішчана ў хуткім часе.
300 гадоў таму магнаты Радзівілы гэта месца збіраліся зрабіць сваёй рэзідэнцыяй і пабудаваць тут палацавы комплекс. Першым, што яны ўзвялі, была трыумфальная арка. Яна атрымалася вельмі прыгожай, мела нават другі паверх, але ў савецкія часы яго разабралі.
З двух бакоў ад аркі Радзівілы пабудавалі флігелі – левы і правы. У іх размяшчаліся кухні, пякарні, бібліятэка, аранжарэя, капліца. Ад правага флігеля практычна нічога не засталося, а вось левы захаваўся нашмат лепш.
Цалкам архітэктурны комплекс Радзівілы так і не ўзвялі. Чаму не ўзвялі — загадка. Так і засталіся тут толькі арка і два флігелі. Апошнія ўладальнікі выехалі адсюль праз трыумфальную арку ў 1939 годзе — калі прыйшлі бальшавікі. Але звычайныя людзі ў флігелі сяліліся і пасля вайны, таксама тут была школа.
Старшыня Крупаўскага сельсавета Руслан Мельнік пракаментаваў сітуацыю так:
«Мы не супраць здабытку і гісторыі. Але сітуацыя такая: месяца паўтара таму павалілася частка аркі. На сённяшні дзень гэта збудаванне ўяўляе пагрозу для жыцця людзей. Такога ж меркавання і камісія па НС, якая аглядала арку. Ёсць таксама цяжкасці праезду ў гэтым месцы. Цэгла перыядычна падае на праезную частку. Да гэтага транспарт праходзіў пад аркай».
У найбліжэйшы час у Лідскім райвыканкаме вырашаць, якім будзе далейшы лёс руін сядзібы Радзівілаў.
Адзначым, што гэты комплекс так і не быў унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Чаму — таксама загадка…