Мясцовы фастфуд як брэнд горада

Натхніўшыся кіраўскімі смажанкамі, рэдакцыя “Альтэрнатывы” выправілася на гастранамічнае даследванне яшчэ аднаго прадстаўніка беларускага фастфуда. На гэты раз дарога была ў Баранавічы, па мясцовыя лодачкі.  

Правеўшы папярэднюю апытанку, даведаліся, што існуе тры тыпы беларусаў: тыя, хто жыве ў Баранавічах ці побач і частуюцца лодачкамі рэгулярна; тыя хто шмат разоў быў у Баранавічах, ці нават жыў там некаторы час, але так ніводнага разу не спрабаваў мясцовую знакамітасць, і тыя, хто ўвогуле нічога пра лодачкі не чуў. 


Цікава, што нам не сустрэліся тыя, хто лодачкамі пачаставаўся і яны прыйшліся ім не даспадобы. Гучала як выклік.

Мы селі ў маршрутку і ўжо праз гадзіну сорак былі на месцы. Мясцовыя жыхары паведамілі пра чатыры кропкі, дзе гатуюць тыя самыя лодачкі. Вырашыўшы пачаць с самай папулярнай, якая знаходзіцца ў цэнтры горада, мы выправіліся ў дарогу. Ад вакзала гэта хвілін трыццаць ходу, як раз можна крыху пазнаёміцца з горадам.

На жаль, прагулка не заставіла надта прыемных уражанняў. Можа быць справа была ў надвор’і (пачатак лютага, шэрае неба і дробны снег не лепшы фон для шпацыра), мабыць, справа ў тым, што горад з’явіўся адносна нядаўна, ў ім амаль няма старых забудоў і будаваўся ён не вакол ракі, а вакол чыгуначнага вузла, а можа проста з намі не было мясцовага жыхара, які любіць свой горад і пакажа яго так, што іншыя таксама будуць ім зачараваны.

Адзін будынак-помнік даўніны нам усё ж трапіўся, але цяпер ён у стане занядбанкі.

А вось, што насамрэч прыемна ўрадзіла, так гэта тое, што назвы вуліц пазначаны не толькі на расейскай мове, але яшчэ і на беларускай.

Мы на месцы. Перад намі гандлёвы цэнтр “Цэнтральны”, а справа ад яго кафэ з лодачкамі.

Тут, як і ў кіраўскай “Смажанцы”, заўсёды чарга, але розніца ў тым, што кафэ з лодачкамі працуе ў фармаце кіёска, то бок ты набываеш лодачку і з’ядаеш яе на вуліцы. Але гэта не стварае асаблівых цяжкасцяў, а ўлетку, напэўна, гэта нават прыемна.

Удакладнім, што класічная лодачка ўяўляе сабой вафлю з сасіскай і агурком, а ўсё гэта зверху паліта кетчупам, маянэзам ці гарчыцай, ці ўсім адразу.

Зараз асартымент трошкі шырэй, ёсць яшчэ з курыцай і каўбаскамі па-хатняму.

Каштуюць лодачкі ў сярэднім 2,5 – 3 рублі. Замову аддаюць праз адну-дзве хвіліны, што даволі хутка.

Нарэшце мы падыйшлі да галоўнага. Лодачкі ў нашых руках, час спрабаваць.

Наш вердыкт – незвычайна, спалучэнне вафлі з сасіскай не падобна ні на што з таго, што мы спрабавалі да гэтага, і гэта сапраўды смачна, як кажуць, пальчыкі абліжаш. І іх натуральна абліжаш, бо кетчупа і маянэза не шкадуюць і яны стоадсоткава трапяць табе на пальчыкі. Але ж усе ведаюць, што так яшчэ смачней.

Ёсць, праўда, адна заўвага – сасіскі на смак маюць мала агульнага з мясным вырабам. Кажуць, раней выкарыстоўваліся польскія сасіскі і гэта была зусім іншая справа, але не так даўно грамадскаму харчаванню забаранілі імпартную прадукцыю, калі ёсць беларускія аналагі. Таму тут ужо нічога не папішаш, як ёсць.


На зваротным шляху прайшлі міма яшчэ 2 кафэ з лодачкамі, адно з іх было зачынена, каля другога таксама была чарга.

І апошняя кропка з лодачкамі чакала нас на чыгуначным вакзале “Баранавічы-Палесскія”. Там, дарэчы, самыя дарагія лодачкі па 3 рублі і гатуюць іх 4 хвіліны. Але смак ва ўсіх кропках аднолькавы, як у гамбургераў у рэстаранах “Макдональдс”.

Кажуць, што аднолькавая якасць і смак усіх лодачак гэта асноўны прынцып працы іх заснавальніцы, Ірыны Аляксееўны Лапчанка. Дарэчы, працаўнікі кафэ часцяком не ведаюць гісторыі з’яўлення гэтай асаблівай стравы, але затое ў інтэрнэце  можна прачытаць і пра падводніка-выпрабавальніка і пра рэкеціраў з 90-х.

А мы дададзім толькі, што назва “лодочка” пайшла ад назвы апарата для вытворчасці вафляў, якія і робяць іх такімі асаблівымі, а выпякаюць лодачкі у Баранавічах ужо больш за трыццаць гадоў і паспрабаваць іх варта! 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.