Міліцыянты карысталіся ёй, а яна выкарыстоўвала іх каб выжыць

Яна знайшла выратаванне ад пераследу і рэпрэсій шляхам жыцця ў міліцэйскім пастарунку і сэксуальных зносінах з афіцэрамі. У выніку чаго нават стала маці.

Яе імя – Наста, яна з Нясвіжу – мілага старажытнага мястэчка, якое захоўвае таямніцы не толькі далёкай гісторыі.


Гісторыя яе камунікацый з рэпрэсіўнай машынай улады пачалася яшчэ ў 1998 годзе, калі вучылася ў 11 класе. Дзяўчына вырашыла далучыцца да апазіцыйнай арганізацыі “Малады Фронт”, прымаць удзел у акцыях пратэстаў. З-за гэтага не задалася далейшая вучоба у ПТВ у Ганцавічах – праз ціск прыйшлося забраць дакументы. Паступіла ў педкаледж у Нясвіжы, вучылася і працягвала маладафронтаўскую актыўнасць. У ліпені 2004 года, пасля завяршэння вучобы, за агітацыйную дзейнасць атрымала першае турэмнае зняволенне – 5 сутак на Акрэсціна. Затым, у кастрычніку, яе арыштавалі яшчэ на 10 сутак.

Нягледзячы на гэта, Наста працягнула дзейнасць, але ўжо не толькі ездзіла на паседжанні арганізацыі ў Мінск, але і сама стала ладзіць некаторыя акцыі ў сваім горадзе. Такая актыўнасць не заставалася незаўважнай з боку мясцовых уладаў – дзяўчыну часта затрымлівалі, запалохвалі, спрабавалі нейкім чынам выбіць змагарскі пыл. Але яна не здавалася. То недзе ўсталюе бел-чырвона-белы сцяг, то расклеіць пратэстныя улёткі.

У 2007 годзе нясвіжскую маладафронтаўку асудзілі па крыміналцы (артыкул №193’1 КК РБ) за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Ёй прысудзілі штраф. Пасля пачалася больш працяглая хваля пераследаў, скончылася адносна спакойнае жыццё ў сваім родным горадзе.

Рэдакцыя “Альтэрнатывы” вырашыла пагутарыць з Настай і даведацца, якім чынам яна вырашыла пераадоліць “чорную паласу”, наўпрост, выжыць падчас гэтай навалы.

– Наста, як цяпер твае справы?

– Цяпер ужо больш-менш добра. Я ў бяспецы, жыву ў Польшчы, дзе ўлады мне далі палітычны прытулак. Вучу мову, знайшла працу. Але мне на самой справе вельмі цяжка. Гаварыць цяжка. Узгадаваць цяжка. Але патрэбна.

– Разумею. Але давай вернемся ў далёкія часы пачатку твайго грамадска-палітычнага актывізма. Распавядзі, чаму ты ўвогуле вырашыла далучыцца да “Маладога Фронту”?

– Перш-наперш, я з тых, каму неабыякавы лёс Беларусі, я прыхільніца дэмакратычных зменаў і беларускага нацыянальнага Адраджэння. У нейкі момант я вырашыла, што не магу маўчаць, як гэта рабіла большасць, і хачу якім-небудзь чынам прыймаць удзел у змяненні сітуацыі ў нашай краіне. У той момант “Малады Фронт” быў адзін з найбольш вядомых структураў, з моцнымі нязломнымі лідарамі, таму мой выбар трапіў на яго.

– Ці было табе страшна і неяк нязручна праводзіць рознага кшталту агітацыю ў сваім невялікім гарадку?

– Не. Мне часта дапамагалі актывісты з Мінску, яшчэ я знаходзіла аднадумцаў тут на месцы. Але з аднадумцамі доўгатэрміновай супрацы не атрымалася, бо яны не віталі вулічны актывізм у выглядзе вывешвання сцягоў і распаўсюда ўлётак. Таму, з большага, усю працу я рабіла сама.

– Як на тваю актыўнасць пачалі рэагаваць нясвіжскія чыноўнікі і праваахоўнікі?

– Падаецца, што спачатку яны былі здзіўленыя з’яўленнем такой актыўнасці на тэрыторыі іх спакойнай вотчыны. Некалькі разоў затрымлівалі, спачатку папярэджвалі, а пасля пачалі выпісваць штрафы. Але ў адзін момант мясцовыя дзеячы выканкама вырашылі рабіць больш жорсткія захады ў адносінах да мяне. І ў маім жыцці пачалося шмат праблем. Перш-наперш гэта наступствы крымінальнай справы і рознага кшталту запалохванні, гэта ціск з боку маёй маці, а па-другое, гэта хваля прэвентыўных затрыманняў. То бок, іду я ў краму, а мяне там затрымліваюць і вязуць на ўвесь дзень у міліцэйскі пастарунак. Збіраюся ехаць у Мінск, а мяне перахопліваюць на вакзале і не выпускаюць. А калі недзе ў горадзе з’яўлялася апазіцыйная налепка, то ўсю адказнасць зноў жа ўскладалі на мяне. Затрыманні за затрыманнямі. Хутка маё жыццё аказалася пад моцным прэсінгам.

– Вядома, што ніякія грошы за ўдзел у апазіцыйным змаганні ніхто не плаціць, прынамсі, у “Маладым Фронце”. Як ты зарабляла сабе на жыццё?

– Вельмі цяжка было ўладкавацца на працу. Паводле спецыяльнасці ўвогуле не магчыма было працаваць. Мая першая адукацыя – настаўнік пачатковых класаў, вышэйшую атрымала пазней, па спецыяльнасці гісторык-музеязнаўца. Усюды было забаронена. Рабіла на часовых падзаробках, была паштавіком, гандляркай, аператарам кацельнай. Праз міліцыю ўладкавалася на ільнозавод, пасля таго, як прыпынілі крымінальную справу ў 2006 годзе.

– Цікава, а як на працы ставіліся да цябе?

– Было шмат складанасцяў. Дарэчы, там я стварыла суполку, так бы мовіць прафсаюзную ячэйку, дзе дабівалася паляпшэння ўмоваў працы і павышэння заробкаў. Была жорсткая вайна з выканкамам, які патрабаваў, каб мяне звольнілі, калі гэтага не адбылося, выканкам звольніў нашу дырэктарку, новы ж дырэктар сам напісаў заяву на сваё звальненне, але пасля таго, як я сышла ў дэкрэтны адпачынак, завод ліквідавалі, фактычна выкінуўшы людзей на вуліцу – для таго, каб пазбавіць мяне месца працы.

– І як так атрымалася, што чалавек, якога пераследуюць міліцыянты, знаходзіць сваё выратаванне і супакой у іх сценах?

– Так і атрымалася. Мяне часта затрымлівалі і пакідалі сядзець у пастарунку суткі альбо з самага ранку і да вечара, каб я, напрыклад, не паспела паехаць у Мінск на вулічную акцыю апазіцыі. Часам мяне пакідалі спаць ў падвале, часам у дзяжурцы. Падчас затрыманняў я ўвесь час атрымлівала пагрозы ад міліцыянтаў забойствам: размазаць па асфальце, павесіць на плошчы альбо расстраляць у чыстым полі – гэта я чула ці не кожны дзень. Неаднаразова былі такія моманты, калі іх пагрозы амаль што пераўтвараліся ў рэчаіснасць, і для таго, каб мець хоць нейкую абарону, я вымушана была пагадзіцца на інтымныя зносіны з афіцэрамі. З часам у іх з’явілася больш даверу да мяне, таму я магла быць у многіх кабінетах, бачыць картатэку парушальнікаў, ведаць дадзеныя супрацоўнікаў і шмат чаго іншага. Яны карысталіся мной, а я выкарыстоўвала іх. Неўзабаве я зацяжарыла.

– І ты вырашыла нарадзіць і самастойна выхоўваць?

– Так. Увесь той час, пасля крымінальнага суду, які скончыўся штрафам, я жыла ва ўмовах зняволення, на нейкай хіміі, выканкам мне пастаянна ладзіў “камісіі па УДВ”, асаблівы ж абсурд здарыўся, калі праз пэўныя акалічнасці я ведала, што нараджаць у родным Нясвіжы нельга і трэба было неяк ехаць у Менск, а ў выканкаме зладзілі асаблівую нараду, на якой вырашалі, дазволіць мне гэта ці не. Калі б не асабістыя стасункі з КДБ, усё б скончылася трагічна, але ў выніку мая дачка з’явілася на свет у Менскай абласной радзільне. Тады мне было асабліва цяжка.

– Як так разумею, што бацька тваёй дачкі нічым табе не дапамог. Як ты спраўлялася пасля? 

– На нейкі час пасля нараджэння дзіцяці ўсё сцішылася, але прэсінг з боку ўладаў працягваўся і пасля таго, як я выйшла з дэкрэтнага адпачынку. Давялося ізноў шукаць працу: працавала ў садочку, у цэнтры рамёстваў, у шпіталю, на хлебзаводзе… І на жаль не было ніякай падтрымкі. Нават маці мне асабліва не дапамагала. Пасля ўжо, як я нарадзіла, яна нават пагражала, што будзе дабівацца, каб мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў. Але я прайшла праз усе гэтыя цяжкасці. Мая ўзнагарода – гэта дачка Міхаліна. Цяпер я прысвячаю значную частку свайго жыцця і сваіх сілаў ейнаму выхаванню і развіццю. Хоць і жывем у Польшчы, але сваю родную Беларушчыну не забываем.

– Дзякую за шчырасць. Цікава, а як ты ўвогуле змагла вырвацца з Беларусі?

– У чэрвені 2020 года мяне звольнілі з хлебазавода, хоць я ўжо прайшла выпрабавальны тэрмін, атрымала разрад і мяне ўжо залічылі ў штат супрацоўнікаў, але ў чарговы раз прыйшоў загад з выканкама. А потым пачаліся доўгачаканыя гарачыя пратэсты, Нясвіж не застаўся абыякавым. Тут адбываліся стыхійныя дэманстрацыі. Я дапамагала людзям, кансультавала, садзейнічала ў агітацыі. Мяне маглі арыштаваць у любы момант альбо кінуць у прытулак маё дзіця, і я своечасова перабралася да сяброў у Гародню. Там праз камунікацыю з “Беларускім Домам у Варшаве” я зрабіла візы сабе і Міхаліне. Праз мяжу, дзякуй Богу, прапусцілі. Так я паспяхова дабралася да Польшчы.

Увогуле, усё праз што я прайшла ў жыцці, цяпер узгадваю з болем, але затое мяне цешыць мая прыгожая дачка. Не дай Бог некаму прайсці тое, праз што прайшла я… 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.