Ці ведаеце, як правесці мяжу паміж усходам і захадам? Проста. Дзе замкі з вежамі – там яшчэ захад, дзе крэпасці, з усімі ваеннымі атрыбутамі – ужо ўсход. Замкі на нашай зямлі ёсць у Гародні, Нясвіжы, Міры, Лідзе, Любчы, Быхаве. Крэпасці – у Берасці і Бабруйску…
Мінск – гэта, безумоўна, захад. Наўпрост у самым цэнтры беларускай сталіцы, каля Дома ўрада знаходзіцца мінскі замак, з чатырма круглымі вежамі па вуглах, кожная з якой прарэзана акенцамі. Гэта замак Пішчалы –кіраўніка пабудовы гэтага аб’екта. Рудольф Станіслававіч Пішчала меў пасаду калежскага асэсара Мінскай губерніі. Вядома, што за свае заслугі атрымаў з рук улады ўзнагароды – ордэн Святой Анны і ордэн Уладзіміра. Быў шляхцічам…
Наогул, замак Пішчалы нагадвае парыжскую Бастылію. Ці славуты замак Бодзіам у Англіі. Між тым, гэта былы астрог. Цяпер ён яшчэ належыць МУС Рэспублікі Беларусь (СІЗО №1). Гэта адзіны з нешматлікіх гмахаў гораду, які ўвесь час выкарыстоўваўся па прызначэнню як турма: і імператарскай уладзе, і ў рэвалюцыю, і ў грамадзянскую вайну, і ў нямецкую акупацыю, і пры Саветах, і зараз. За ўвесь гэты час вядомы толькі адзін удалы уцёк адсюль. І, не менш за дзясятак няўдалых спробаў. Дарэчы, ніякі Фелікс Дзяржынскі адсюль не збягаў (такая легенда чамусьці ёсць).
Для тых, хто тут не сядзеў за кратамі, гэты астрог можа падацца даволі рамантычным. Рэтраспектыўна-замкавы і неагатычны стыль, вежы з вінтавымі лесвіцамі, падзямеллі са сваімі таямніцамі і адметнымі гісторыямі. Але, дарэмна яго лічыць цукеркай, бо гэта нават не засценак, а сапраўднае месца пакут, як у Дзюма-старэйшага.
Ідэя будаўніцтва каменнай турмы ў тагачасным Менску з’явілася ў пачатку ХІХ стагоддзя. Першыя працы па ўзвядзенні гэтага аб’екта пачаліся ў снежні 1821 года. Вядома, што апроч Пішчалы, у стварэнні праекту ўдзельнічаў губернскі архітэктар М. Чахоўскі. Тое месца, дзе быў пабудаваны астрог, называлі Раманаўскім прадмесцем, а побач праходзіў старадаўні менскі гарадскі вал. Будаўніцтва завяршылася улетку 1825 года.
Першапачаткова турма была разлічана на 250 вязняў, але колькасць вязняў у гэтых сценах заўсёды была вышэй за такі разлік.
Пры царскім рэжыме ўсе арыштанты астрога абавязкова мусілі працаваць. Напрыклад, зносіць на галоўнай плошчы Ратушу, (гэта быў 1857 год), ніхто з жыхароў не жадаў. І толькі пішчалаўскія вязні пайшлі на гэтую варварскую справу. І тое, сілком. А яшчэ побач з турмой былі агароды, дзе гэтаксама працавалі вязні.
Сядзелі тут не толькі жорсткія злачынцы, але і “палітычныя”, сярод якіх было шмат вядомых асобаў. У 1830-31 гг. у Пішчалаўскім замку апынулася шмат удзельнікаў польскага паўстання. Пазней тут сядзелі паплечнікі Кастуся Каліноўскага, паэты, грамадскія і культурныя дзеячы. Сярод іх – пісьменнік і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. ХХ стагоддзе пачалося новымі арыштамі. Сцены замку тады зноў пачулі прыгожую паэтычную гутарку, бо тут чыталі вершы паэты Карусь Каганец (1905-1906 гг. і 1910-1911 гг.) і Алесь Гарун (1907 г.). А яшчэ тры гады зняволення тут адбываў Якуб Колас (1908-1911 гг.), за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў. Дарэчы, менавіта ў турэмным замку ён і напісаў вядомую паэму “Новая зямля”. А ў сваёй трылогіі “На Ростанях” Колас дзяліўся некаторымі ўспамінамі турэмнага зняволення. Сярод самага цікавага прыводзіцца тое, што ў турэмных вежах у тыя часы былі так званыя “дваранскія люксы”, абсталяваныя печкамі, дзе можна было смажыць мяса і гатаваць гарбату. Але патрапіць у такія нумары маглі выключна заможныя асобы.
Сцены гэтай турмы памятаюць больш жудасныя падзеі. 25 лютага 1906 г. на браме перад уваходам у турму быў павешаны эсер Іван Пуліхаў. Такое пакаранне ён атрымаў за спрабу забіць губернатара Курлова, які учыніў крывавы расстрэл мірнай дэманстрацыі. Магіла Пуліхава сёння на Ваенных могілках.
Рэвалюцыя 1905-1907 гадоў напоўніла турму палітычнымі вязнямі. У мінскую турму, праз Чырвоны Крыж, накіроўваліся грошы для падтрымкі рэвалюцыянераў. Усе сродкі шлі ў кантору турмы, запісваліся на імя вязня і выдаваліся на харч ды іншыя патрэбы.
Адразу пасля кастрычніцкага перавароту, бальшавікі перайменавалі турмы ў арыштанцкія дамы. Пішчалаўскі “арыштанцкі дом” апанавала ЧК. Вуліца, дзе знаходзіўся астрог, у 1922 годдзе, атрымала імя Валадарскага. Таму і турма атрымала мянушку “Валадарка”, якой ў народзе завецца і сёння.
У часы сталінскіх рэпрэсіяў праз Валадарку прайшлі сотні і тысячы людзей. А ў 1932 годзе, за нелегальны пераход савецка-польскай мяжы, тут утрымліваўся Максім Танк. Сталіншчына давяршыла вобраз злавеснай турмы: амаль кожны дзень тут выносіліся смяротныя прыгаворы, ліліся слёзы, гучалі праклёны. На цокальным паверсе знаходзілася камера смяротнікаў, якая была падобная на склеп: нізкія столі, велізарныя муры, цемрадзь. Уначы смяротнікаў вывозілі ў Курапаты, Лошыцу, Камароўскі лес, Воўчы Хвост, іншыя ўрочышчы.
Падчас нямецкай акупацыі турма засталася турмой. Гітлераўцы адпусцілі ранейшых вязняў, напрыклад, М. Сяднёва, але напоўнілі Валадарку новымі ахвярамі. Тут катавалі антыфашыстаў. Ёсць звесткі, што пры адным з такіх працэсаў прысутнічаў нават рэйсхфюрэр СС Генрых Гімлер, які пабываў у сталіцы Беларусі ў 1941 годдзе. У кастрычніку 1941 года з Валадаркі павялі пад канвоем да месца забойства падпольшчыкаў. Гэта былі Кірыл Трус, Валодзя Шчарбацэвіч і Марыя Брускіна. Брускінай тады было 17, а Валодзе – 15 гадоў. Іх павесілі каля дражджавога заводу (цяпер гэта дом № 14 на Кастрычніцкай вуліцы).
З канца 2008 г. замак больш не выкарыстоўваецца па свайму прызначэнню. Гэта было вырашана таму, што летам таго году, раптоўна, абвалілася адна з 4 вежаў. Тады было вырашана перавесці ўсіх вязняў у суседнія турэмныя будынкі (яны былі пабудаваны пасля вайны), а гэты аб’ект болей не выкарыстоўваць для зняволенняў. Сёння у пэўных патрэбах СІЗО задзейнічаны толькі цокальны паверх гэтага замка.
У Мінску двухсотгадовых будынкаў, бадай што, няма. Таму астрог на Валадарскага, сапраўды, можна лічыць унікальным. Паводле меркаванняў многіх гісторыкаў і урбаністаў, менавіта гэты аб’ект з’яўляецца лепшым месцам для стварэння музея карнай палітыкі царызму на нашай зямлі. Пасля перабудовы некаторыя бізнесмены разглядалі Пішчалаўскі замак як патэнцыйнае месца для казіно і гатэля. Гучалі ідэі дапоўніць гэта забавамі з валадарскімі прывідамі, пошукам “замураваных у сценах”. Канешне, за магчымасць правесці такую экстрэмальную ноч на Валадарцы многія пакладуць добрыя грошы. Бо мінулае мінскага астрога такое ж загадкавае, як і гісторыя лонданскага Тауэра, піцерскай Петрапаўлаўкі, Суаменліны ў Хельсінкі… Як тут зноў не ўспомніць пра Бастылію. Падчас французскай рэвалюцыі яе знеслі, але многія потым шкадавалі аб гэтым. Што ж, будзем спадзявацца, што астрог не знясуць, і ён сам не абваліцца, а ў хуткім часе ператворыцца ў цікавы музейны аб’ект!