7 лістапада споўнілася 100 гадоў бальшавіцкага перавароту ў Санкт-Пецярбургу. Але для Беларусі ў якасці свята і гонару за сваіх продкаў ёсць больш значная падзея тых часоў…
Для адных Кастрычніцкая рэвалюцыя – свята, для іншых – дзень жалобы. Свядомыя беларусы ігнаруюць чырвонае “свята”, бо бальшавізм прынёс у Беларусь шмат бяды, галечы і знішчэння. Чаго толькі вартыя страты ў час Грамадзянскай вайны, чырвонага тэрора, калектывізацыі, індустрыялізацыі, голада, бясконцых рэпрэсій і г.д.
Тым больш, што асобых рэвалюцыйных падзей ў Менску тады, наўпрост, не было. Ужо пасля захопу ўлады пачаліся працэсы пашырэння і станаўлення ўлады бальшавікоў. Так, спадар Фрунзе стварыў у нас народную міліцыю. Дарэчы, яе трохпавярховы будынак, з чырвонай цэглы, захаваўся (знаходзіцца на рагу вуліц К. Маркса і Валадарскага). Ёсць у Мінску і помнік Фрунзэ, месціцца ён ля адміністрацыі Фрунзенскага раёна сталіцы, па вуліцы Кальварыйскай. Ёсць у нас і вуліца, назва станцыі метро і назва аднаго з гарадскіх раёнаў у гонар Фрунзэ. Пра безліч помнікаў і тапонімаў у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі можна і не казаць – імі Беларусь перапоўненая.
Ні з хлебам і соллю сустракаў увесь беларускі народ новую ўладу бальшавікоў-рэвалюцыянераў. І гэты момант нашай гісторыі замоўчваецца на афіцыйным узроўні па сённяшні дзень. А тым часам, многія нашыя продкі марылі аб утварэнні сваёй Беларускай дзяржавы, незалежнай ад Масквы. І не толькі мроілі, але і рабілі справу – у 1918 годзе аб’яўлялі стварэнне БНР, праводзілі сходы і з’езды, абуджалі насельніцтва. Апроч таго, асобна вызначылася групоўка жыхароў пад Слуцкам – тут народ узяўся за зброю, абы не дапусціць на сваю зямлю рабаўнічую крывавую ўладу Саветаў. Гэтая гераічная падзея найноўшай гісторыі Беларусі заслугоўвае павагі і ўсеагульнага ведання, пачынаючы з яе вывучэння ў школе.
26—27 лістапада 1920 г. на адлегласці 35—49 км адбыліся сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады. Такім чынам пачалося Слуцкае паўстанне супраць бальшавіцкай улады. Нездарма, у перыяд нацыянальнага адраджэння ў Беларусі 1980-х гадоў 27 лістапада пачало адзначацца як Дзень Герояў. Слуцкі збройны чын, Слуцкі збройны ўздым, Слуцкае паўстанне — такія назвы мае спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году.
Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў надыходзячым савецкім войскам. Якія былі мэты случчакоў? Гэта – непадзельная Беларусь у сваіх этнічных межах, усталяванне рэспублікі і прызнанне БНР, а таксама незалежнасць ад Польшчы і Расіі. Гэта адбылося пасля таго, як нашу краіну па Рыжскаму міру падзялілі паміж сабой Польшча і Савецкая Расія.
Афіцыйны факт: Слуцкі збройны чын быў актыўна падтрыманы беларускімі незалежнікамі па ўсёй краіне, значная частка якой была тады акупаваная Польшчай. З Гродна даслалі сцяг з Пагоняй і дэвізам: “Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!”.
21 лістапада Рада Случчыны зрабіла новую дэкларацыю: “У момант самавызначэння ўсіх народаў і змагання іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашае бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму свету аб дамаганнях-намерах беларускага сялянства аб тым, што наша Беларусь павінна быць вольнай незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах”.
Вайсковая Рада БНР, якая выконвала функцыі міністэрства абароны, даслала ў Слуцк вайсковых спецыялістаў. Хутка пры Слуцкай брыгадзе быў добра арганізаваны вайсковы шпіталь і суд. Слуцкая Рада мела шчыльныя кантакты з арміяй Булак-Балаховіча і планавала каардынаваць дзеянні з ёй. Рада абвясціла агульную мабілізацыю і працягнула стварэнне вайсковых аддзелаў. Было мабілізавана каля 4000 чалавек на чале з Паўлам Чайкай. Рада сфармавала два палкі: Першы Слуцкі полк пад кіраваннем падпалкоўніка Паўла Чайкі і Другі Грозаўскі полк на чале з капітанам Лукой Семянюком. Гэтыя два палкі ўтварылі Слуцкую брыгаду пад камандаваннем Антона Сокала-Кутылоўскага. Камандаванне войскамі было размешчанае ў Семежава, праз наступаючыя бальшавіцкія арміі.
У ночы з 17 снежня на 18 снежня беларусы перайшлі ў наступ і зноў выбілі бальшавікоў з Семежава і Вызны. Драматычныя падзеі наступілі 19 снежня, калі Саветам атрымалася захапіць гэтыя мясцовасці. Паўстанне у хуткім часе пацярпела паражэнне.
Што тут сёння? Грозава – гэта вёска ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Яна таксама вядомая тым, што мае сядзібны комплекс у стылі класіцызму. Цудам захаваўся і будынак касцёла, які ў савецкі час вырашылі перабудаваць пад гаспадарчыя патрэбы. Будынак да сённяшняга моманту так і не вярнулі вернікам, у яго сценах працягвае працу праўленне калгаса.
На гонар удзельнікаў Слуцкага паўстання, у Грозаве сіламі дэмакратычнай нацыянальна арыентаванай супольнасці пастаўлены помнік.
Беларусы, ведайце і шануйце гераічныя эпізоды айчыннай гісторыі! З Днём Герояў!