Глядзіць з іконы святы лік…

Унікальныя работы старых майстроў — іканапісцаў, скульптараў, рэзчыкаў па дрэву ўжо не першы дзясятак гадоў захоўвае Музей старажытнабеларускай культуры. Чым ён адметны — у размове тэт-а-тэт з яго дырэктарам Барысам Лазука.   

Для даведкі. Музей знаходзіцца ў гмаху Інстытута фальклору і этнаграфіі Акадэміі навук. Ён быў заснаваны, у тым ліку, прафесарам Юрасём Хадыкай, намеснікам старшыні і вядомым дзеячам Беларускага Народнага Фронту. Юрый Віктаравіч таксама прымаў удзел у зборы матэрыялаў (экспедыцыі) па краіне. Быў стваральнікам «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». У 1979 гаду адчыніў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры. 

У Музеі старажытнабеларускай культуры сёння захоўваюцца каля трыццаці тысяч экспанатаў. Працуюць 3 залі: археалогіі, этнаграфіі, сакральнага мастацтва.

— З’явіліся новыя экспанаты, — такімі словамі сустрэў нас дырэктар музея Барыс Лазука. – Мінскі іканапісец А. Кузняцоў падараваў музею адзінаццаць ікон! Яны датуюцца, у асноўным ХІХ стагоддзем. Сярод іх ёсць годныя прыклады беларускай іканапісу. Напрыклад, абраз, які прывезлі з Палесся, на якім намаляваны Хрыстос, Саваоф і святы Георгій. Ён падараваў таксама асабістыя творы — карціны святых на камянях. І мы ганарымся гэтай калекцыяй.

Унікальны вопыт зрабіў рэзананс у дастаткова вузкім рэстаўрацыйным свеце, паглядзець на вынікі работы ў музей прыехалі нават спецыялісты Усерасійскага мастацкага навукова-рэстаўрацыйнага цэнтру імя І. Э. Грабара ды іх калегі з Сербіі, якія таксама вядомыя сваімі майстрамі рэстаўрацыйных спраў. Адна з галоўных задач музея на сёння — ратаваць народныя каштоўнасці і даваць ім другую і, нават, трэцяю маладосць. Гонар калекцыі — гэта Бялыніцкая ікона Божай Маці — таксама з «уратаваных». Раней знаходзілася ў кармеліцкім касцёле ў Бялынічах. У 1960-я гг. касцёл быў узарваны па загаду Савецкай улады.

— У XVII стагоддзі з іконы ў Бялынічах пачалі рабіць спісы. Яны разышліся па ўсім тэрыторыям, адзін зараз знаходзіцца ў Варшаве, некалькі — у храмах Магілёўшчыны і Гарадзеншчыны. Ікона з нашай калекцыі была знойдзена ў капліцы могілак каля Снова (Нясвіжскі раён). Яна стаяла за печкай, побач — ляжалі дровы. Такія умовы не пайшлі ёй на карысць: частка гэтай іконы была страчана, але лік Божай маці, на шчасце, захаваўся. Рэстаўратар А. Пуцінцаў працаваў над ёй больш году. І калі калекцыя ікон музея — другая па аб'ёму пасля Нацыянальнага мастацкага музея, то збор народных тканін, царкоўнага апранання — буйнейшы ў нашай краіне. Акрамя таго, тут вельмі беражліва і з любоўю захоўваюцца два арыгінальных слуцкіх пояса. Адзін з іх — слуцкай вытворчасці. Другі — слуцкага тыпу, вытканы ў мануфактуры горада Ліона — кажа дырэктар музея старажытнабеларускай культуры, спадар Лазука.

Для дырэктара музея тэкстыльная тэма асабліва блізка. Барыс Лазука — быў і аўтарам некалькіх кніг па слуцкіх паясах, ініцыятарам шматлікіх праграм па адраджэнню. Ён ганарыцца сваёй справай, бо Лазука лічыцца спецыялістам па слуцкіх паясах, і, увогуле, па галіне старажытнага беларускага мастацтва.

— Менавіта з пояса, з нашай калекцыі слуцкіх паясоў, была зроблена першая копія сучаснага слуцкага пояса, які зараз упрыгожвае залу Палаца Незалежнасці. Мы праводзім шмат навуковых экспедыцый. Аб нашых этнаграфічных экспедыцыях у людзей бывае нярэдка даволі дзіўнае ўяўленне, — кажа Борыс Лазука. — Думаюць так: мы прыязджаем у вёску, сустракаем там умоўную бабулю, яна вядзе нас у хату і адчыняе свой куфар. А там — горы каштоўных экспанатаў! Хацелася б, канечне, каб так яно і было. Але на самой справе камплекты касцюмаў фарміруюцца гадамі… У адной вёсцы знайшлі намітку, у другой — андарак, у трэцяй — фартух… І нават у суседніх вёсках могуць быць розныя варыянты сялянскага адзення.

— Якія экспанаты, на погляд дырэктара музея, найбольш каштоўныя?

— У нас сабрана вялізная археалагічная калекцыя прадметаў з метала. Шмат з іх былі знойдзены пад час раскопак. І, унікальныя экспанаты — старажытныя руны на касцях. Ці малюнак галавы чалавека на касцях, які датуецца ажно ІІІ тысячагоддзем да нашай эры. Ёсць калекцыі тканін, музычных інструментаў, керамікі, старажытных друкаваных кніг, шкла. Самая вялікая і поўная — гэта калекцыя народнага касцюма. Усе работы аўтэнтычныя. Але перш за ўсё, вам трэба звярнуць увагу на іканапісныя работы. Самыя раннія з ікон датуюцца пачаткам XVI стагоддзя. Іконы з’явіліся ў музее, у выніку экспедыцый. Мы не збіраем іконы па храмах. Звычайна, мы ратуем тое, што разбураюць людзі і час. У нас ёсць дазвол на збор ікон ад праваслаўных і каталіцкіх епархій.

Цікава паглядзець у калекцыі і «Рыцар, які заснуў». Менавіта так празвалі ў народзе надмагільную пліту Паўла Сапегі. Падканцлер Вялікага Княства Літоўскага заказаў гэты помнік яшчэ пры жыцці і папрасіў выляпіць сябе маладым у рыцарскіх даспехах. Побач – яго тры памерлыя жонкі з малітоўнікамі ў руках. Мемарыяльная скульптура была ўсталявана ў гальшанскім касцёле і знаходзілася там акурат да закрыцця храма.

— Супрацоўнікі музея старажытнабеларускай культуры рэстаўруюць іконы?

— Так. Часцей за ўсё, рэстаўрацыя займае два-тры гады. За год звычайна мы рэстаўруем не больш трох ікон. На гэтыя працы выдзяляецца пэўная сума. Увогуле, усе нашыя экспанаты патрабуюць фондавай працы, і гэта кожны дзень. Тыя ж тканіны. Іх перыядычна трэба апрацоўваць спецыяльнымі рэчывамі, бо інакш іх знішчаць біялагічныя шкоднікі. Таксама тут працуюць студэнты, робяць копіі ікон. Справа вось у чым. Падчас навуковых экспедыцый мы нярэдка бачым, што старажытныя іконы, якія знаходзяцца ў храмах, у кепскім стане. У такіх выпадках прапануем абмен: замест каштоўнай іконы (звычайна гэта працы XVIII і ХІХ стагоддзя), даем новую, напісаную з улікам тэхнікі таго часу. Вельмі часта, у храмах ідуць насустрач. Так мы папаўняем калекцыю.

— Хто самыя частыя госці ў музее? Ці шмат тут бывае замежнікаў?

— Так, часта прыходзяць шматлікія дэлегацыі, якія прыязджаюць у нашую краіну. Таксама і супрацоўнікі навуковых, вучэбных і культурных установаў. Канечне ж, у нас часта бываюць выкладчыкі ВНУ, настаўнікі, школьнікі, студэнты, бываюць і рабочыя.  

— Якія рэгіёны Беларусі прадстаўлены ў калекцыі музея?

— Найбольш лепшы, у экспедыцыйным плане рэгіён — Палессе, Брэсцкая і Гомельская вобласць Беларусі. Музею удалося сабраць камплекты касцюмаў практычна з усіх куткоў Брэстчыны і Гомельшчыны. А, Віцебская вобласць прадстаўлена ў музее ўсяго адзіным экспанатам — строем з Дубровеншчыны. Можа быць, чытачам з паўночных раёнаў краіны атрымаецца даць штосьці новае, у нашу ўнікальную калекцыю. Праінспектуйце бабулькіны хаты, раптам вы знойдзеце хай не камплект адзення, але хаця б яго частку. Мы былі б вельмі удзячны. Музейная работнікі і рэстаўратары з радасцю пачнуць працаваць над экспанатам. Мала проста прадставіць гэтае адзенне, посуд, ці які іншы артэфакт, патрэбна надаць яму экспазіцыйны выгляд. Па гэтай прычыне, у нашым музее працэс рэстаўрацыі доўжыцца доўгія месяцы. І, нават, дзесяцігоддзі.

— Увогуле, распавядзіце, як папаўняюцца вашыя калекцыі? Гэта часта бывае? 

— Не часта, але папаўняюцца. Распавяду адзін выпадак. Некалькі год таму, прадстаўнікі “Беларусбанку”, перадалі нам унікальную калекцыю народнага касцюма, сабраную ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў (на Палессі), гэта Брэсцкая вобласць. Экспедыцыі туды фінансаваліся “Беларусбанкам”. І мы адрэстаўравалі гэтыя экспанаты — больш за трохсот прадметаў. Вельмі ж гэта каштоўная калекцыя, калі ўлічыць, што Палессе захавала архаічныя рысы. Мастацтва Палесся адрозніваецца ад мастацтва іншых рэгіёнаў Беларусі. Нам перадалі галаўныя ўборы, верхняе адзенне, часткі народнага касцюма. Гэта ж бескаштоўны дар! І шмат экспанатаў з Гомельскай і Магілёўскай вобласці.

— Вы збіралі экспанаты ў раёнах, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы?

— Пасля аварыі на ЧАЭС, мы ладзілі экспедыцыі ў раёны і вёскі, пацярпелыя ад катастрофы. Шмат з гэтых вёсак былі пазней знесеныя. І з дазволу ўлады, удалося сабраць шмат рэчаў, якія былі пакінуты насельніцтвам. Сёння гэтыя рэчы знаходзяцца ў музее. Дарэчы, яны прайшлі дэзактывацыю і бяспечны. Створаны вялізны фонд, а ў ім каля 3000 прадметаў. Праўда, зараз, наш “чарнобыльскі аддзел” зачынены на рэканструкцыю. Значнасць такога фонду цяжка ацаніць. У Расіі і Украіне, на тэрыторыях зон адсялення, падобныя калекцыі сабраць не паспелі, а вёскі чарнобыльскай зоны там знішчаны ўшчэнт. Мы ж захавалі гэтыя прадметы для будучыні — каб паказаць, што культура чарнобыльскіх раёнаў у Беларусі мела свае асаблівасці. Гэта важна, калі ўспомніць як моцна Беларусь пацярпела ад чарнобыльскай навалы. 

— У вашым музее даволі яскрава прыцягваюць увагу званы. Распавядзіце іх гісторыю?

— Іх збіралі на Брэстчыне, Гродзеншчыне. Адліты ў “людвісарнях”. Так звалі майстэрні па вытворчасці званоў і гармат. Дарэчы, нашыя званы, час ад часу, удзельнічаюць у такіх мерапрыемствах, як Дзень гораду ў Мінску, а таксама, на фестывале “Магутны Божа” ў Магілёве. На жаль, не ўсе званы захаваліся…

— Ваш музей адкрыты для наведвальнікаў ва ўсе часы?

— Мы знаходзімся ў структуры АН Беларусі, але дзверы адчынены для ўсіх. Музей працуе па працоўных днях, да сямнаццатай гадзіны. Экскурсіі у нас бясплатныя, як і наведванне музея. Мы шчыра запрашаем да нас гасцей і жыхароў Мінска, сумна ў нас не бывае! 

Адрас: г. Мінск, вуліца Сурганава, 1/2.  

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.