Гісторыка-культурная каштоўнасць, мемарыял ці музейны экспанат

У снежні ў Мінску ўсталявалі макет першай электрастанцыі, прымеркаваўшы гэтую падзею да года гістарычнай памяці і дня энергетыка адначасова. Гучыць не дрэнна, нават патрыятычна, але давайце пачнем з пачатку.

Першая электрастанцыя ў Мінску была пабудавана ў неагатычным стылі ў перыяд губернатарства Караля Гутэн-Чапскага (1890–1901). 12 студзеня 1985 года яна пачала сваю працу.

Першапачаткова электрастанцыя прызначалася дзеля асвятлення цэнтральных вуліц горада і мінскіх тэатраў. Але да 1909 года электрычнасць пратачылася і ва ўсе астатнія сферы жыцця.

Будынак станцыі праіснаваў да 2010 года і быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Але ў 2011 годзе зямлю, на якой месцілася электрастанцыя, вырашылі аддаць пад будаўніцтва гатэля “Kempinski”. Гатэль планавалі пабудаваць да чэмпіянату свету па хакеі, але не паспелі і ён доўгі час заставаўся даўгабудам.

Зараз будынак належыць беларускаму “Сбер банку”, які і ўзяўся за рэстаўрацыю часткі фасада будынка.

У кастрычніку 1943, калі Мінск быў пад немцамі, два партызаны – падпольшчыкі, К. Р. Ваўчок і А. Тарлецкі, арганізавалі выбух генератараў на мінскай ДРЭС-1. Але выбух адбыўся раней за тэрмін, і выканаўцы дыверсіі былі схоплены. Пасля пакутлівых катаванняў 25 снежня 1943 года Анатоля Тарлецкага расстралялі, а К. Р. Ваўчок быў публічна павешаны недалёка ад электрастанцыі.

Да зносу на будынку знаходзілася шыльда, якая нагадвала аб гэтых падзеях, і да якой сваякі загінуўшых прыносілі кветкі, бо месцы пахавання іх родных засталіся невядомымі.

Зараз замест будынка першай электрастанцыі на беразе Свіслачы знаходзіцца копія фасада. І хоць пры яе аднаўленні выкарыстоўвалі арыгінальныя цэглу і камяні, захаваныя на складах пасля зносу, разглядзець іх пад пластамі тынкоўкі і фарбы проста немагчыма. Мабыць па гэтай прычыне побач з фасадам у сцяне зрабілі нешта кшталту выставы, дзе за шклом размешчаны кавалкі матэрыялаў, з якіх будавалася сапраўдная станцыя. А яшчэ ў вокнах з’явілася шкло, а на даху – чарапіца.

Перад копіяй фасада ўсталяваны бронзавы макет электрастанцыі.

Шыльду таксама вярнулі, але зараз яна змешчана пад шкло і больш нагадвае музейны экспанат, чым месца памяці загінуўшым, да якога сваякам можна было б было прынесці кветкі.

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.