Эдуард Пальчыс – палітычны зняволены. Сумесная заява праваабарончых арганізацый

Надеюсь, это положит конец спекуляциям на эту тему. Обвинение надуманно и политически мотивировано. Да размещение порнографии даже если ты говоришь в другом контексте запрещена. Да  это была глупость молодого человека. И за неё с радостью схватились власти. Но при всём при этом  Эдуард Пальчыс – палітычны зняволены!

 

Сумесная заява праваабарончых арганізацый 
адносна крымінальнага пераследу блогера Эдуарда Пальчыса

Мінск, 5 кастрычніка 2016 г.

Рэдактар сайта 1863х.com  Эдуард Пальчыс абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў па ч.1 арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы ці розні) і ч.2 арт.343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусі.

У лістападзе 2015 г. Эдуард Пальчыс быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у межах узбуджанай справы і пазней вызвалены пад падпіску аб нявыездзе, пасля чаго ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года Э. Пальчыса затрымалі ў Расійскай Федэрацыі і на прыканцы траўня 2016 г. экстрадзіравалі ў Беларусь, дзе ён быў узяты пад варту.

25 жніўня 2016 г. суд Цэнтральнага раена г.Мінска разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863х.com. У выніку закрытага судовага паседжання 9 артыкулаў, якія былі размешчаны на дадзеным сайце, былі прызнаны экстрэмісцкімі.

Праваабаронцы настойвалі на неабходнасці правядзення незалежнага аналізу тэкстаў Э. Пальчыса і не выключалі палітычнага матыву яго крымінальнага пераследу.

Прадстаўнікамі праваабарончых арганізацый з прыцягненнем спецыялістаў у розных галінах навукі быў праведзены аналіз 9-ці тэкстаў, размешчаных на сайце 1863х.com, якія ў судовым парадку былі прызнаны экстрымісцкімі, і ў якіх, паводле следства, утрымліваецца інфармацыя, што распальвае расавую, нацыянальную ці рэлійную варожасць ці рознь.

Па выніках гэтага аналізу мы адзначаем наступнае.

У адпаведнасці з арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць ўсялякага кшталту інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз друк ці мастацкія формы выказвання ці іншым шляхам паводле свайго выбару.

Карыстанне дадзеным правам накладае асаблівыя абавязальніцтвы і асаблівую адказнасць. Гэтае права, адпаведна, можа быць звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія аднак, павінны быць устаноўлены законам і з’яўляцца неабходнымі:

а) для павагі і рэпутацыі іншых асоб;

б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Акрамя таго, дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання ўтрымліваюцца ў арт. 20 Пакта, які забараняе прапаганду вайны, выступы на карысць нацыянальнай, расавай, рэлігійнай нянавісці, а таксама выступы, якія ўяўляюць сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варажнечы ці гвалту.

Улічваючы дадзеныя ўстаноўленыя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання, пры аналізе тэкстаў, якія былі размешчаныя на сайце 1863х.com, даследчыкам трэба было ўстанавіць, ці трапляюць дадзеныя матэрыялы пад дапушчальныя абмежаванні свабоды выказвання меркавання.

У выніку аналізу даследчыкі прыйшлі да высновы, што размешчаная ў 9-ці артыкулах інфармацыя не ўтрымлівае прыкмет заклікаў да вайны, гвалту ці выступаў на карысць расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці, не ўяўляе пагрозы нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку ці здароўю і маральнасці насельніцтва. Матэрыялы ўяўляюць сабой нішто іншае, як меркаванні аўтара адносна тых ці іншых гістарычных падзей, фактаў, утрымліваюць крытычныя заўвагі адносна геапалітычных канцэпцый і знешняй палітыкі некаторых дзяржаў. Аўтар не меў  на мэце прыніжэнне прадстаўнікоў нейкіх канкрэтных нацыянальнасцяў, этнічных ці расавых груп.

Варта адзначыць, што ў дадзенай сітуацыі менавіта аналіз кантэкста[1] мае вельмі важнае значэнне для ацэнкі таго, ці сапраўды канкрэтнае выказванне пабуджае да дыскрымінацыі, варажнечы ці гвалту. Кантэкстуальны аналіз павінен памясціць выказванне ў сацыяльны і палітычны кантэкст, які пераважаў у той момант, калі гэта выказванне было зроблена ці распаўсюджвалася.

У сувязі з гэтым мы лічым, што матэрыялы аўтарства блогера Эдуарда Пальчыса, якія былі змешчаны ў 9-ці артыкулах на сайце 1863х.com, з’яўляюцца дапушчальнай формай выказвання свайго меркавання і, адпаведна, не могуць пераследвацца ў крымінальным парадку. 

У той жа час мы адзначаем, што карыстанне свабодай выказвання меркавання накладае ў тым ліку і асаблівыя абавязкі і адказнасць, у тым ліку маральную і сацыяльную. Забарона распаўсюду выяваў і матэрыялаў парнаграфічнага зместу з’яўляецца дапушчальным абмежаваннем свабоды выказвання меркавання і пераследуе мэту абароны маральнасці насельніцтва. Аднак пры гэтым мы лічым, што разавае выкарыстанне ілюстрацыі з парнаграфічнай выявай, якая, на думку Э. Пальчыса, мусіла прадэманстраваць карыстальнікам рэсурса 1863х.com недапушчальныя падыходы да падачы інфармацыі некаторымі вэб-рэсурсамі, з’яўлялася недальнабачным крокам, але не павінна стаць падставай для прызначэння пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі. У дадзеным выпадку Э. Пальчыс не пераследваў карыслівыя ці якія-небудзь іншыя гнюсныя мэты. Аналіз правапрымяняльнай практыкы па некаторых падобных рэзанансных выпадках сведчыць, што пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі па іх судамі не прымянялася.

На нашую  думку, суд павінен улічыць матывы дзеянняў Э. Пальчыса пры разглядзе дадзенай крымінальнай справы.

Мы лічым, што ў крымінальным пераследзе  Э. Пальчыса ёсць палітычны матыў уладаў, які  мае на мэце спыненне ягонай публічнай дзейнасці ці прымус да змянення яе характару.

У сувязі з гэтым мы заяўляем:

утрыманне пад вартай Эдуарда Пальчыса і ягоны палітычна матываваны пераслед з боку беларускіх уладаў дазваляе кваліфікаваць блогера як палітычнага зняволенага.

Патрабуем:  

– вызваліць Э. Пальчыса з-пад варты, паколькі забеспячэнне ягонай яўкі ў суд можа быць гарантавана і іншымі мерамі стрыманння, не звязанымі з ізаляцый абвінавачанага;

– спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Э. Пальчыса па ч.1 арт. 130 КК Рэспублікі Беларусь;

– забяспечыць правядзенне адкрытага судовага працэсу з выкананнем усіх гарантый справядлівага судовага разбіральніцтва.

Праваабарончы цэнтр “Вясна”
ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"
Цэнтр прававой трансфармацыі
Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава
ПУ “Беларускі дакументацыйны цэнтр”
Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць"


[1] Рабацкі план дзеянняў па забароне прапаганды нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, якая прадстаўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту (Высновы і рэкамендацыі чатырох рэгіянальных экспертных нарадаў, арганізаваных УВКПЧ у 2011 годзе, прынятыя экспертамі ў г. Рабаце (Марока) 5 кастрычніка 2012 года).

“Вясна”

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.