Дзе ў Мінску можна стварыць музей адной вуліцы?

Музей адной вуліцы я бачыў у Кіеве, на Андрэеўскім спуску, які яднае дзве гістарычныя часткі ўкраінскай сталіцы – Падол і Верхні горад.

Менавіта там жыў вядомы пісьменнік Міхаіл Булгакаў. Ужо доўгі час думаю – ці можна ў нашым Мінску стварыць такі музей? Калі так, то якая вуліца для гэтага найбольш падыходзе? Напрыклад, ад старажытнай Захар’еўскай цяпер амаль нічога не засталося, сёння – гэта праспект Незалежнасці. Ад Нямігі таксама. Лепшая кандыдатура – былая Падгорная, цяпер вуліца Маркса. Яна захавала, тут яшчэ можна пабачыць шмат якія пабудовы старога Мінска: тэатр, банк, сквер.

У канцы ХІХ стагоддзя, Падгорная вуліца, была элітнай… Яна забудоўвалася каменнымі дамамі, шмат з якіх і зараз, так бы мовіць, на сваім месцы. Імя ў гонар Карла Маркса вуліца атрымала ў 1922 годдзе. Дарэчы, раней на ёй быў помнік Марксу, але ў часы знакамітай перабудовы яго знеслі.

Дом № 5


Гэты дом, з чырвонай цэглы, сведка шэрагу падзей. Спачатку, да рэвалюцыі, тут была паліцыя, а ў рэвалюцыйным 1917 годдзе, тут нарадзілася міліцыя… Вядомы бальшавік М. Фрунзе не толькі ўзначаліў міліцыю, але і ўваходзіў у Мінскі Савет, а таксама кіраўніцтва Заходняга фронту. Апроч таго, Фрунзе тут рэдактаваў газету “Звязда”.

Дом № 12 з гарматай

Сёння – Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі (з 1967 года). Тут жа месціцца Дзяржаўны музей прыроды і экалогіі. Раней – галоўны банк Мінска. Таксама тут знаходзілася акцыянернае таварыства “Рускае пароходства”. І менавіта тут можна было б купіць квіточак у Амерыку, Афрыку, Канаду, Англію, ды ў іншыя краіны.

Дом № 17
Захаваўся, прычым, амаль некранутым. Мажліва, што жыхары гэтага дому сёння не ведаюць, якія тут ў свой час былі жарсці. Дом быў адданы таварыству аматараў прыгожых мастацтваў (існавала ў Мінску з 1899 па 1906 год). У складзе таварыства працавалі секцыі. Так, драматычная секцыя, ставіла п’есы Астроўскага, Дастаеўскага, Чэхава. Быў і самадзейны тэатр. Музычная секцыя мела аркестр, якім кіраваў Чавусаў. Мастацкая – арганізоўвала выставы графікі, жывапісу, скульптуры. Самай яркай была літаратурная секцыя, дзе праходзілі жаркія дэбаты. Сюды і прыязджалі лектары з Масквы і Пецярбургу. Членамі секцыі былі пісьменнік Я. Чырыкаў, рэдактар газеты “Северо-Западный край” М. Мысаўскі, народнік С. Кавалік, адвакат Д. Мейчык, палкоўнік С. Чэрапанаў, выкладчыкі мужчынскай гімназіі Мінска ды іншыя. У 1906 годдзе, за палітычную дзейнасць, таварыства было зачынена. Члены таварыства апынуліся пад пільным наглядам паліцыі.

Дом № 21
У доме 21 калісьці быў магазін Кругера. Там знаходзіліся пажарныя прыналежнасці, машыны, шалі, ліхтары. Чым не экспанаты для нашага музею адной вуліцы?

Дом № 29


Самае вядомае, дарэвалюцыйнае месца з захаваўшыхся на гэтай вуліцы. У 1899 годзе тут адчынілася Марыінская гімназія. Жаночая гімназія мела сем класаў. Вядома, што тут навучалася каля 560 вучаніц. У час Першай сусветнай вайны, тую гімназію перакінулі ў Прапойск (Слаўгарад), дзе потым яна і знікла. У гімназіі навучаліся: народная артыстка СССР Л. Ржэцкая, народная артыстка БССР В. Полла. Але ў 1920-х гадах тут зрабілі палітэхнікум, а з 1925 па 1932 год – Камуністычны ўніверсітэт, а пазней – аўтаматычная тэлефонная станцыя. Што сказаць, каларытны гмах…

Дом № 31


Гэты шэры гмах быў пабудаваны ў 1937 годдзе. Шмат гадоў тут была Вышэйшая партыйная школа. Зараз у гмаху – філфак БДУ.

Дом № 30


Тут жыла савецкая “знаць”. Дом памятае Жылуновіча, Чарвякова, Мазурава. Цяпер тут працуе Літаратурны музей Пятруся Броўкі. Рэдкі для Беларусі прыклад музея-кватэры. Будынак жа быў пабудаваны па праекце архітэктара Гая, у стыле мадэрн, як даходны дом.


Дом № 36 з кніжнай крамай


Тут кватэравалі і тварылі Янка Маўр, Пятрусь Глебка, Уладзімір Караткевіч і іншыя майстры. Тут Караткевіч напісаў “Дзікае паляванне караля Стаха”. Да рэвалюцыі тут было архітэктурна-будаўнічае бюро інжынераў Свянціцкага і Гая. Таксама тут знаходзіўся першы ў Мінску гараж “Мінск-аўтамабіль”, які займаўся тэхнічным абслугоўваннем, пракатам і продажам легкавых машын.

Тэатр імя Янкі Купалы


Былы Гарадскі тэатр. Закладзены яшчэ ў 1888 годдзе. Шмат гадоў Гарадскі тэатр быў галоўнай культурнай установай Мінска. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі тут праходзілі шматлікія з’езды, гэта ў гэтых сценах спрачаліся і абмяркоўвалі лёс краіны, гэта тут быў упершыню ўзняты бел-чырвона-белы сцяг як сімвал новай краіны Беларусь.

У 1920 годдзе тут адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр. У 1944 годдзе тэатр атрымаў ганаровую назву імя Янкі Купалы. У 1958 годдзе будынак тэатру перабудавалі. Але дзесяць гадоў таму, улады вырашылі вярнуць яго гістарычнае аблічча – будынку вярнулі неабарончы выгляд. Шкада, але падчас гэтай рэстаўрацыі, будынак згубіў шмат чаго аўтэнтычнага.

Дом № 38

Адміністрацыя Прэзідэнта. Раней на тым месцы знаходзіўся палац графа Чапскага, вядомага гарадскога галавы. Гэты палац меў рысы неаготыкі, неабарока і неарэнесанса. У палацы размяшчаўся Мінскі грамадскі сход, які абараняў інтарэсы шляхты. Пазней тут працаваў вайсковы шпіталь. Неўзабаве, у 1939 годзе, савецкія ўлады вырашылі знесці гэты палац. Ужо пасля вайны тут і паўстаў будынак Кампартыі, які ў сярэдзіне 90-х стаў галоўнай візітоўкай першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Помнік-танк

Некалі тут знаходзіўся Земскі сельскагаспадарчы музей, але бязлітасная вайна зрабіла пэўныя карэктывы. Цяпер тут помнік-танк, які ведаюць усе мінчукі. І ўсё яшчэ можна пачуць такі жарт: танк абавязкова выпаліць, калі побач пройдзе нявінная дзеўка. Але са дня ў дзень прабягаюць натоўпы школьніц і студэнтак, а танк усё маўчыць…

Такая яна вуліца Карла Маркса…

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.