Памятны знак у выглядзе макета Мінскага замчышча будзе ўсталяваны ў самым цэнтры беларускай сталіцы, побач з будынкам №2 па праспекце Пераможцаў і берагам ракі Свіслач.
У цяперашні момант Мінгарвыканкам праводзіць конкурс эскізных праектаў замчышча.
Як адзначаецца на сайце Мінгарвыканкама, памятны знак павінен утрымваць аб’ёмныя і рэльефныя выявы асноўных элементаў мясцовасці, пабудоў, абарончых збудаванняў, мастоў, дарог, людзей, жывёльных і інш. За грунт узяты гістарычны перыяд XII–XIII стагоддзяў, а для вырабу прапануецца скарыстаць метал, ліццё з бронзы.
Арганізатары конкурсу хочуць знайсці найболей выразны вобразны эскіз, які дазволіць навочна паказаць мінчукам і гасцям, як выглядаў старажытны горад.
Арганізатарам конкурсу выступае Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (аддзел культуры), заказчыкам – КУП “Мінская спадчына”.
НАН Беларусі падрыхтавала свае прапановы на грунце аналізу наяўных дадзеных па Мінскім замчышчы. Таксама да удзелу ў конкурсе запрашаюць аўтарскія калектывы скульптараў, архітэктараў, мастакоў і іншых адмыслоўцаў. Заяўкі прымаюцца да 15 снежня ўлучна, конкурсныя матэрыялы – не пазней за 15 лютага 2024 года.
Варта адзначыць, што ў 2017 годзе “Альтэрнатыва” выступіла з прапановай да Міністэрства культуры і сталічных уладаў усталяваць на Нямізе макет старажытнага менскага замчышча.
У падтрымку такой прапановы актывісты арганізацыі ладзілі вулічны збор подпісаў. Тады ім удалося сабраць не меней 1000 подпісаў мінчукоў, сярод якіх былі і вядомыя асобы. Напрыклад, Лявон Вольскі.
Актыўнасці па зборы подпісаў прайшлі без якіх-небудзь эксцэсаў. Як праходзіла такая акцыя можна паглядзець праз спасылку, і якой была рэакцыя чыноўнікаў.