Усталяванне беларускімі ўладамі памятнага знаку ў Курапатах, грамадства ўспрыняло даволі неадназначна. Па сённяшні дзень ідуць спрэчкі як “за”, так і катэгарычна “супраць”.
Нагадаем, за ўвесь час ігнаравання з боку афіцыйнай улады Курапатаў – месца, дзе адбываліся жудасныя сталінскія масавыя расстрэлы мірных беларусаў, нарэшце, улады вырашылі скарэктаваць сваё стаўленне да гэтага трагічнага пытання. Калі яшчэ у 2001-2002 гг. бульдозеры засыпалі крыжы, а міліцыя жорстка разганяла абаронцаў гэтай зямлі, то ў 2018 годзе ўлады накіравалі сюды тыя самыя бульдозеры, але ўжо для добраўпарадкавання ды ўсталявання помніка. У мінулым годзе аб патрэбе ў стварэнні памятнага мемарыялу выказваўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Міністэрства культуры вызначыла найбольш цікавы макет пад народны мемарыял, які плануецца ўсталяваць на так званай Галгофе гэтага трагічнага ўрочышча. І вось, 15 кастрычніка, у Курапатах з’явіліся будаўнічая тэхніка – пачаліся першыя будаўнічыя працы.
Пазіцыя актыўнай грамадскасці па такому падарунку ад ўлады стала неадназначнай. Напрыклад, вядомы грамадска-палітычны лідар Зміцер Дашкевіч не бачыць у гэтым вялікай праблемы:
“Безумоўна, самая лепшая дапамога ад нашай дзяржавы – гэта не суваць сьвінячы лыч, не перашкаджаць добрай справе. Ня лезьлі чыноўнікі – і дзясяткі тысяч годна адсьвяткавалі БНР-100. Не перашкаджала дзяржава – і Глеб Лабадзенка з народнай падтрымкай паставіў першы ў Беларусі помнік Тадэвушу Касьцюшку. Не стаўляюць ідэёлагі саўка палкі ў колы – і Андрэй Кім запаланіў кінатэатры беларускай мовай. Зь іншага боку, сунула дзяржава свой лыч – і няма шыльды БНР. Зноў уціснула парсючыны пятак – разбурыла дзень вышыванкі. Завішчалі сьвіньні у пагонах – і няма заўзятараў на спартовых трыбунах.
І вось цяпер мы назіраем, як падыходзіць да рэалізацыі ўсталёўка дзяржавай памятнага знага ў Курапатах. Форма, у якой нашая дзяржавушка часта робіць тыя ці іншыя дзеяньні, – ня з кім не раючыся, нахрапам, – абгрунтавана выклікае адмоўную рэакцыю арганізма. Але апроч формы ёсьць зьмест – і нам трэба добра падумаць над тым, на колькі гэта сапраўды слушна, па зьмесьце пратэставаць супраць дзяржаўнага мемарыяла ў Курапатах?
Дазволю сабе выказаць меркаваньне. Асабіста я ня бачу ніякіх лагічных і маральных аргументаў, якія дазволілі б нам супрацьстаяць усталёўцы памятнаму знаку ад дзяржавы.
Па-першае, сам памятны знак ня самы горшы, які мог бы быць. Ну не ў РПЦэшную ж цыбуліну зьбіраюца апрануць “Галгофу”, але паставіць даволі сьціплы звон. Што дрэннага ў ім ці такога ўжо непрыгожага?
Па-другое, мы так доўга абвінавачвалі пракамуністычную дзяржаву (і рабілі гэта слушна), што яна не ўшаноўвае Курапаты і памяць нявінна забітых камуністамі. Ну вось цяпер прыйшла ўшанаваць. Што зрабіць, што дзяржавушка нашая гэта робіць нязграбна? Іншага чакаць і не выпадала. Але ўсё ж пагодзімся, усталёўка памятнага знака – гэта не блюзьнерства, як пабудаваны побач бульбашжор “Поедім-поедім”, але ўшанаваньне Курапатаў.
Па-трэцяе, хіба дзяржава нешта бурыць з народнага мемарыялу? (А я лічу, гэта магла быць адзіная сапраўдная падстава, якая дазволіла б ня толькі выходзіць на пратэст, але і заклікаць да пратэсту грамадзтва.) Не, ня бурыць – пакуль у дзяржавы хапае розуму нічога не кранаць. І адказныя за працы людзі публічна абяцаюць, што нічога кранута ня будзе.
Магчыма, нехта лічыць сябе правым казаць: тут не рабіце, а рабіце тут; вы не ўшаноўвайце, а вы шануйце. Ну, хто лічыць правым, няхай робіць. Але я мяркую, гэта і ня вельмі слушна, і ня вельмі лагічна. Канечне, нам бы хацелася ўсё і адразу: і каб архівы адкрылі, і каб ідалаў савецкіх скінулі, і каб злачынцы былі названы злачынцамі, і каб тое, што робіцца ў Курапатах рабілася шчыра і без кан’юктуры.
І ці не ў падобнай сітуацыі быў апостал Павал, які дзьве тысячы год таму пісаў, што некаторыя з любові прапаведуюць Ісуса Хрыста, а некатоыря праз зайсдрасьць, каб павялічыць цяжар Паўлавых путаў. І кажа: “І што з гэтага? Усякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, але Хрыстос прапаведуецца, і я з гэтага радуюся і буду радавацца” (Піліпцам 1). Дык паслухайце сябры, мы не круцей за чалавека, тэкстамі якога напоўнена ледзь не палову Новага Запавету.
Некаторыя з любові змагаюцца за Курапаты, а іншыя з зайздрасьці, а іншыя, каб павялічыць цяжар нашых путаў. І што з гэтага? Я мяркую, нічога. Бо ўсякім чынам, ці дзеля віду, ці праўдзіва, але праўда пра Курапаты прапаведуецца. Гэтаму давайце радавацца”.
Каардынальна супрацьлеглае меркаванне мае грамадская актывістка, кінарэжысёр Вольга Мікалайчык:
“ЧАМУ??? Мы не спынілі будаўніцтва кабаку НКВД-КДБ "бульбашжору" на Курапатах на ўзроўні рыцьця катлавану пад фундамент, мы не спынілі ўсталяваньне 7-мі мятровага "падарунку" улады, які разбурае кампазіцыю ды канцэпцыю народнага мемарыяла і дамінуе як трон – на Галгофе. Там паклалі народ – і гэта Народны мемарыял – ад народа жывога – народу бязьвінна забітаму. Чаму не пытаюцца народ? І самае галоўнае – чаму людзі, якія ў нейкіх камісіях паселі нібыта ад нашага боку, не падымалі шум і не рабілі актыўныя дзеяньні? Я дык і не ведала, што ў гэтых камісіях адбывалася. Чаму тыя, хто непасрэдна там прадстаўлялі тыпу нашу пазіцыю – не зьбіралі нас і не білі разам з намі ў званы. Мы ўсё лета і восень стаім ля брамы кабаку, а за нашымі спінамі ў сэрцы Курапатаў квітнее план разбурэньня Народнага Мемарыялу пазьнякоўскага часу. Сымвала адраджэньня беларушчыны, адраджэньня сучаснай Бацькаўшчыны. Толькі зараз нешта становіцца відавочным і , нажаль, драматычна страчаным”…
У гэтым жа кантэксце піша грамадская актывістка Volha Krapotsina:
“Я настойліва прапаную ўсім тым сотням і сотням добразычліўцаў, што зь лёгкасьцю выказваліся за дазвол “уладам” на ўсталяваньне помніка ў Курапатах і апекаваньне мэмарыялам з боку дзяржавы пад грамадзкім кантролем, ужо сёньня выправіцца ў Курапаты, каб ажыцявіць той самы грамадзкі кантроль? Бо, спадзяюся, ніхто ня верыць у сумленнасьць ваўка, што вырашыў нагадаваць авечку?
Таму, дарагія рупліўцы вуснамі за Курапацкую сьвятыню, я падрыхтаваная назіраць народнае паломніцтва на Курапацкую Гальготу з усіх куткоў Беларусі! Так і бачу людзкое мора, што з намётамі, клункамі-пакункамі з рэчамі й ежай, цячэ ад вуліцы Мірашнічэнка ў бок падземнага ўваходу ў мэмарыял…
Што, няма? А чаго так? Можа словы пана Zmitser Dashkevich людзі проста чарговы раз выкарысталі, каб апраўдаць сваю бязьдзейнасьць? Хто з тых, што рукамі-нагамі выступаюць за ўсталяваньне дзяржаўнага помніку й нявызначаны статус мэмарыялу пасьля таго, хаця б раз за мінулы год быў у Курапатах? Колькі зь іх за 30 год ад адкрыцьця страшэннай праўды пра генацыд беларусаў з боку “мышэбрацьев” хоць палец прыклалі да добраўпарадкаваньня мэмарыялу, усталяваньня крыжоў, вартаў абароны (а іх ужо тры было на маёй нядоўгай памяці) ды проста прыборкі сьмецьця за менш выхаванымі й адукаванымі суайчыньнікамі?
Несваім і тым, што табе абыякава, заўсёды лягчэй распараджацца. І ня трэба тут пра “прыватызацыю Курапатаў з боку апазыцыі” крычэць, бо вам ніхто не перашкаджае такім жа чынам “прыватызаваць” нацыянальную сьвятыню. Наадварот, увесь час чутныя заклікі прыехаць і падтрымаць абаронцаў, запрашэньні на талаку ва ўрочышчы. І колькі ж чалавек удзельнічала ў мінулай талацэ, хто ведае? Мяркую, ня болей за дзясятак-другі чалавек. А колькі сёньня пяюць пра чарговыя “дамовы” з галоўным нішчыцелем мэмарыялу, які зь дзіўнае прычыны вырашыў “мэмарыялізаваць” ужо існы мэмарыял, ці дакладней проста падкінуць чарговую нагоду для сваркі неразумным беларусам?
Ня трэба сварыцца, давайце будзем прымаць дарослыя рашэньні й несьці за іх дарослую адказнасьць. Раіце “не канфліктаваць з уладамі” – арганізуйце кантроль за іхнымі дзеяньнямі, бо вы на сябе такім чынам прымаеце адказнасьць за ўсё, што яны зробяць і зьбіраюцца зрабіць з Курапатамі. А абаронцам ды рупліўцам мэмарыялу, паверце, ёсьць чым заняцца й бяз гэтага дадатковага кантролю, не перакідвайце на іх свае функцыі!”
Тым часам, відавочна, мемарыял ад улады ўсталяваны будзе. Можна па-рознаму да гэтага ставіцца, але ў цяперашніх умовах – гэта так.