Калі так, то што ў іх насамрэч беларускамоўнага?
Пачаць абвешчаны з тэлеэкранаў год “Русского языка в странах СНГ” мы вырашылі інспекцыяй таго, як у сучасным Мінску ідуць справы з беларускай мовай. Пачалі з кавярняў.
Па стане на I паўгоддзе 2022 года, па дадзеных “NAI Global”, у Мінску было: кафэ і міні-кафэ – практычна 1150 ўстаноў; кавярні, бары і падобныя да іх па фармаце ўстановы – звыш 840.
Каб высветліць, ці існуюць увогуле ў Мінску беларускамоўныя кавярні, мы зрабілі апытанку ў iнстаграм. Адказаў атрымалі няшмат. Большасць узгадала самую вядомую “Кавярню над Нямігай”, а ўвесь спіс склаў усяго толькі чатыры месцы. Іх мы і наведалі.
Першай у нашым маршруце стала кавярня “Маладосць” на Якуба Коласа, 33. Назва, як і старонка кавярні ў інстаграм, выключна на беларускай, што адразу падкупляе.
Але, трапіўшы ўнутр, рамантыка трошкі рассейваецца. Меню на сцяне выключна на расейскай, а астатнія надпісы зроблены на дзвюх мовах уперамешку, што на расейскай, што на беларускай.
Павіталіся з намі таксама на расейскай. Але, пасля таго, як мы адказалі па-беларуску, барыста спрабаваў падтрымаць размову на мове. Выходзіла як з надпісамі, але за спробу дзякуем!
Наступнае месца называлася “Кофейная кухня”. Знаходзіцца кавярня на Камароўцы і з першага погляду не мае нічога супольнага з беларускай мовай. Шыльда, меню і ўсе астатнее тут выключна па-расейску.
Але, калі мы прывіталі дзяўчыну па той бок стойкі па-беларуску, яна адказала таксама на беларускай мове. І на ёй жа падрымлівала з намі размову ўвесь час, што мы там знаходзіліся. Гэта было надта прыемна.
Далей мы рушылі ў бок Рэспубліканскага Тэатра Беларускай Драматургіі. Побач з ім, па адрасе праспект Машэрава, 25, знаходзіцца яшчэ адна кавярня, назва ды ўся інфармацыя на дзявярах якой надала надзею, што вось тут ужо дакладна будзе стоадсоткавае супадзенне, нарэшце, куточак сапраўднай беларускасці.
Але, нажаль, становішча было такім жа, як у “Маладосці”. Усе шыльды звонку і інстаграм цалкам на беларускай, а вось унутры ўсе па-расейску. Сітуацыя з барыстай тут аказалася значна горшая. На наша пытанне, а ці ёсць ў іх гарбата, спадарыня-барыста спачатку запала ў ступар, а потым здзіўлена спытала: “А это что?”. Тут ужо ў ступар запалі мы самі…
На дэсерт мы завіталі ў самую знакамітую ў горадзе “Кавярню над Нямігай”, якая нас не расчаравала.
У гэтым месцы адбылося наўпрост яскравае супадзенне па ўсіх пунктах. Усе надпісы, інстаграм, меню – усё выключна на беларускай, барыста таксама добра мовіць па-беларуску.
На палічках, якія увасабляюць сабой імправізаваныя сцены кавярні, выстаўлены кнігі беларускіх аўтараў. Побач, у шкляных вітрынах, размешчаны прадметы музейнага праекта “Куфар старажытнасцяў” гісторыка Паўла Каралёва. У гэтым даволі ўтульным месцы нам захацелася спыніцца і сагрэцца гарачымі напоямі.
Яшчэ мы даведаліся, што ў кавярні час ад часу адбываюцца канцэрты беларускіх гуртоў і паэтычныя чытанні.
P.S. Хочацца выказаць удзячнасць за працу усім гэтым кавярням і барыстам за тое, што яны як могуць, але робяць сёння вельмі важную справу для нашай мовы. Кожны па-свойму, у меру магчамасцяў і свайго бачання. Але важны кожны маленькі крок. Дарэчы, нам падказалі, што ў лютым адчыняецца яшчэ адна беларускамоўная кавярня!