Гістарычная сядзіба Дамейкаў на Жыбартоўшчыне працягвае руйнавацца. Тым часам ёсць спадзеў на яе хуткае адраджэнне.
Яшчэ ў мінулым годзе новы ўласнік сядзібы Канстанцін Шуляк распачаў на месцы старажытнага маёнтка ўзвядзенне цаглянага будынка. Тут жа мяркуецца пабудаваць і лазню.
Паводле каментара Шуляка незалежным СМІ, маецца намер аднавіць і саму сядзібу, стварыць тут адмысловы музей Ігната Дамейкі.
«Мы б хацелі аднавіць, наколькі гэта магчыма», – адзначыў ён.
Але цяпер на месцы гістарычнага маёнтка поўным ходам ідуць працы па будаўніцтву новых збудаванняў, да самой сядзібы пакуль чарга не дайшла. Паводле слоў аднаго з будаўнікоў, сядзібу плануюць пачаць адраджаць пасля завяршэння працы над новабудоўлямі. Пакуль жа спадчына Дамейкаў працягвае паступова разбурацца.
За апошні год абрынулася яшчэ адна частка даху, а таксама моцна пацярпела падлога. Аўтэнтычнасць гэтага аб’екта усё больш сыходзіць у небыццё.
Навокал – хараство прыроды, яскрава і захапляльна цвіце бэз, а старадаўнія дубы і клёны быццам бы вітаюць сваімі шырокімі крыламі ўсіх гасцей Жыбартоўшчыны.
Ігнат Дамейка (1802-1889 гг.) – вядомы айчынны дзеяч, філамат, удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў, беларускі, польскі і чылійскі навуковец-даследнік, геолаг, мінеролаг, рэктар Чылійскага ўніверсітэту, Нацыянальны герой Чылі. У Жыбартоўшчыне Ігнат Дамейка жыў некалькі гадоў у дзяцінстве, а таксама 4 гады на заходзе свайго зямнога жыцця.