Чым турэмнае зняволенне можа быць карысным?

Вязніца – не тое месца, дзе варта шукаць нейкую карысць ад знаходжання пад яе ўладай. Нават не ўсім ворагам пажадаеш апынуцца ў беларускай турме, вядомай сваімі жорсткімі норавамі і парадкамі.

Але ў народзе кажуць – ад турмы не заракайся. І гэта праўда – у зняволенні раптоўна можа аказацца абсалютна любы чалавек. Таму калі патрапіў за краты – змірыся і карыстайся ўсімі тутэйшымі магчымасцямі, каб у доўгачаканы дзень выйсці адсюль пераможцам.

У прыватнасці маё паўгадавое турэмнае зняволенне дапамагло атрымаць новы жыццёвы досвед, пазнаёміцца з людзьмі іншай сферы ды іншых поглядаў, убачыць усе прыгажосці цяперашняй пенітэцыярнай сістэмы, а таксама асаблівасці працы аператыўных і следчых органаў.

Зняволенне дапамагае больш дасканала зразумець самога сябе, асэнсаваць і пашырыць свае маральныя і фізічныя здольнасці, сілу волі. Увогуле, турма зрывае з чалавека маску – тут ён становіцца самім сабой, без прыкрас і фальшы. Таму сакамернікі хутка ўбачаць усе слабасці альбо вартасці іншага. Будзь сабой і не губляй у сябе чалавека – і усё будзе добра.

Аддаленасць і доўгая перашкода паміж зняволеным і яго сям’ёй дазваляе адчуць, на колькі дарагія, насамрэч, блізкія людзі, на колькі сэрца напоўнена каханнем і перажываннем за іх, а таксама як важна цаніць і берагчы сямейнае шчасце. На свабодзе, пагружаючыся ў кругаварот спраў, не так часта адчуваеш і думаеш пра усё гэта. Але тут самы час да разважанняў і важных высноў. Магчыма, што ў будучым, асэнсаванне ўласных жыццёвых прыярытэтаў не дазволіць зрабіць новыя памылкі, каб больш сюды не вярнуцца.

Апроч таго, час знаходжання за кратамі дапамагае праверыць і зразумець, хто ёсць хто з ліку сяброў, бо менавіта ў бядзе праяўляюцца сапраўдныя чалавечыя якасці, шчырае сяброўства. Што датычна майго прыклада, то усё сяброўскае атачэнне прайшло такі іспыт. І я рады, што ў многіх з іх не памыліўся.

Турма, бясспрэчна, гартуе і мацуе чалавека, пашырае досвед не толькі ў бытавых рэчах, але і ў многіх іншых важных нюансах. Толькі вельмі важна падчас такога выпрабавання абапірацца на сваю волю і ўстойлівасць, не паддавацца слабасцям і тым больш правакацыям, якія тут не рэдкасць.

Трапіў за краты – не губляй настрой і дух, карыстайся ўсімі магчымасцямі, пашырай уласны далягляд і досвед, не вер нікому і вучыся разбірацца ў людзях. Пройдзеш усё гэта годна – на свабоду выйдзеш моцным і нязломным!

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.