Кіраўнік "Альтэрнатывы" Алег Корбан заклікае аб падтрымцы дабрачыннай кампаніі для дзяцей-сірот.
"З радасцю інфармую: грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” з дапамогай краўдфандынгавай платформы talaka.by працягвае збор фінансавых ахвяраванняў для дапамогі дзецям-сіротам у рэгіянальных школах-інтэрнатах.
Сёння ў многіх сацыяльных дзіцячых установах існуюць праблемы з матэрыяльным забеспячэннем, здараюцца нават выпадкі дэфіцыту рэчаў гігіены, вопраткі і г.д. Каб спрыяць паляпшэнню такой сітуацыі, група актывістаў "Альтэрнатывы" плануе збіраць патрэбныя рэчы і арганізоўваць візіты ў найбольш праблемныя ўстановы, дзе для іх выхаванцаў будуць ладзіцца адмысловыя беларускамоўныя асветніцкія віктарыны, святочныя імпрэзы з перадачай сабраных падарункаў.
У цэнтры ўвагі – дзеці-сіроты, дзеці з інваліднасцю і іншымі псіхафізічнымі асаблівасцямі, дзеці, чыіх бацькоў пазбавілі правоў на сваіх дзяцей. У перыяд крызісных з'яў у нашай краіне, такая місія робіцца найболей патрэбнай і карыснай, бо ўлады не ў стане аказваць комплексную дапамогу ўсім сацыяльным установам. Верагодна, глядзіць звычайны беларус навіны па дзяржаўным ТБ і складаецца ў яго ўражанне, што мы жывём у нейкім сацыяльным раі, усё ў нас так добра і крута. Але, варта прыехаць у практычна любую школу-інтэрнат за мінскай кальцавой дарогай, як убачыш зусім іншую карціну – патрэбу шматлікіх сродкаў і матэрыялаў, шэрань ды абыякавасць. Таксама дзецям вельмі патрэбна ўвага, камунікаванне, пазітыўная атмасфера. І ўсё гэта, насамрэч, дзякуючы нашай агульнай актыўнасці магчыма палепшыць! Дзякуем за ўвагу!", – так напісаў Алег Корбан у сваім блогу на belaruspartisan.
Збор ахвяраванняў будзе доўжыцца да сярэдзіны ліпеня гэтага году. Каб падтрымаць ідэю, варта перайсці па спасылцы на сайт Талакі: https://www.talaka.by/projects/2023/fund.