Чаму Кастусь Каліноўскі мусіць быць пахаваны ў Вільні

Сярод свядомых беларусаў не сціхаюць спрэчкі аб лёсе парэшткаў Кастуся Каліноўскага, знойдзеных нядаўна падчас рэканструкцыі Замкавай гары ў Вільні.

Частка дзеячоў культуры і прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да кіраўніцтва Літвы з просьбай пахаваць Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. У падтрымку такой ідэі нават з’явілася электронная петыцыя, якую ўжо падпісала больш за 4 тысячаў чалавек. Але літоўскі бок у пытанні з пахаваннем знойдзеных парэшткаў пакуль качаткова не вызначыўся.

Але ці не заслугоўвае наш нацыянальны Герой свайго спачыну ўсё ж на гістарычнай зямлі ў старадаўняй Вільні? Такой версіі прытрымліваюцца многія іншыя дзеячы культуры і навукі, грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і кіраўніцтва ГА “Альтэрнатыва”. І вось чаму.

1. Вільня у свой час была сапраўдным цэнтрам нашай навукі і культуры. Сваім беларускім яго лічылі і паўстанцы. Менавіта ў Вільні наш Яська гаспадар з-пад Вільні (так ён падпісваўся ў некаторых публікацыях) каардынаваў паўстанне, тут у яго было каханне з той самай Марыськай Чарнабровай, тут яго арыштавалі, і тут ён быў пакараны смерцю праз павешанне, а на Замкавай гары быў пахаваны ў братняй магіле.

2. Відавочна, што афіцыйныя ўлады Беларусі панічна баяцца гэтай гераічнай постаці. Нават яго парэшткаў! Зразумела, бо інакш гэтае месца можа стаць сапраўдным месцам паломніцтва свядомых беларусаў. Увогуле, у апошнія гады не сціхалі спробы дзяржаўных чыноў прынізіць ролю нацыянальнага-вызвольнага паўстання 1863-1864 гг., нават аб’яўлялі Каліноўскага палякам, барацьбітом выключна за інтарэсы панства і г.д. Ідэю ініцыятыўных грамадзян аб усталяванні ў Мінску помніка Кастусю Каліноўскаму, наўпрост, закаталі ў асфальт. Дык якога стаўляння можна чакаць ад іх цяпер? Хіба нешта змянілася? Свядомыя беларусы не змаглі ўратаваць сімвалічную лаўку Клінтана ў Курапатах, а вось помнік, які так моцна будзе напружваць не толькі афіцыйны Мінск, але і Маскву, хіба будуць здольныя ўратаваць?

3. Вільня (Вільнюс) – найбольш справядлівая і прымальная прапанова! Гэта яго асэнсаваная Радзіма. Менавіта тут яго парэшткі (як і многіх іншых паўстанцаў) заслугоўваць спачын.

Перакананыя, што Літоўскія ўлады змогуць арганізаваць цырымонію пахавання на высокім ганаровым узроўні! І адно з такіх месцаў у Вільні – знакамітыя могілкі Росы, дзе пахаваны шэраг герояў не савецкай беларускай гісторыі.

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.