“Альтэрнатыва” супраць адэптаў рускага свету на Беларусi

Беларускiя ўлады ў чарговы раз паказалi свой сапраўдны твар – была блакавана мiрная акцыя супраць адэптаў рускага свету на Беларусi.

 

9 снежня 10 сябраў «Альтэрнатывы» прыйшлi з вялiкай расцяжкай да будынка БДУIР, каб выказаць сваю пазіцыю, але iмгненна былi блакаваныя аховай унiверсiтэту, якой кіравалі невядомыя асобы ў цывільным, як вынік, парвалi расцяжку, пачалi браць пікетоўцаў у кола ды выцiсняць ад установы. I каго яны бароняць, Паулауца? 

Навіна абнаўляецца.

Фотаздымкі акцыі:

З месца падзеі перадае Радыё Свабода:

Акцыя, арганізаваная грамадзкай арганізацыяй «Альтэрнатыва» на чале з Алегам Корбанам, пачалася ў 15:00 ля галоўнага корпусу БДУІР, дзе працуе выкладчыкам паліталёгіі арыштаваны прарасейскі прапагандыст Юры Паўлавец.

Дзясятак пікетоўцаў прыйшлі з расьцяжкай «Выкладчык Паўлавец — здраднік». Удзельнікі скандавалі: «Ганьба фашыстам! Ганьба адэптам «рускага сьвету!»

— Мы хочам паказаць кіраўніцтву ўнівэрсытэту, што ёсьць група беларусаў, якія выступаюць супраць так званых прарасейскіх публіцыстаў, — сказаў Свабодзе Алег Корбан. — Таксама хочам давесьці да рэктарату, што варта больш уважліва ставіцца да падбору кадраў. Людзі, якія называюць Беларусь «недадзяржавай», а беларусаў — «неданацыяй», не павінны мець акадэмічнай пляцоўкі для выказваньня сваіх думак. Нашы актывісты гатовыя мірнымі спосабамі пікетаваць месцы, дзе жывуць і працуюць людзі кшталту Паўлаўца.

Неўзабаве з будынку БДУІР выйшлі чацьвёра маладых людзей, адзін з іх быў у камізэльцы з надпісам «добраахвотная дружына».


Яны пачалі наступаць на пікетоўцаў, завязаўся канфлікт. Да маладзёнаў далучыўся мужчына, які назваўся «выкладчыкам».

«Дружыньнікі» выхапілі папяровую расьцяжку з рук пікетоўцаў і пакамечылі яе.


Дыялёг адбываўся на падвышаных тонах. Асноўнай прэтэнзіяй з боку «дружыны» стала тое, што пікетоўцы «парушаюць грамадзкі парадак».

— А ваш выкладчык нічога не парушае, калі распальвае міжнацыянальную нянавісьць? — запытаў Корбан.

Студэнт Андрэй Карпіцкі меў на камізэльцы адмысловае пасьведчаньне «дружыньніка». На пытаньне карэспандэнта Свабоды, якую структуру ён прадстаўляе і чаму нападае на пікет, адказаў:

— Дружына — гэта такое ахоўнае абʼяднаньне ўнівэрсытэту. А гэтыя людзі хай не крычаць тут, хай сыходзяць…

Нечакана да канфлікту далучыўся прарэктар БДУІР па выхаваўчай працы Дзьмітры Кузьняцоў. Ён паведаміў, што «Паўлавец не затрыманы, а проста не выходзіць на працу». Падрабязьней пракамэнтаваць гэтае сьцьвярджэньне Кузьняцоў адмовіўся. Тым часам супрацоўнікі ўнівэрсытэту выклікалі міліцыю.

Алег Корбан з паплечнікамі вырашылі сысьці да прыезду праваахоўнікаў, каб пазьбегнуць затрыманьня.

— Паўлавец быў клясным выкладчыкам. Вельмі добра разьбіраўся ў палітыцы, — кажа студэнт Павал, які назіраў за тузанінай — адно шкада, няма ў нашай краіне свабоды слова.

— Ц-с-с, лухту кажаш, Паша! — перабіла хлопца аднагрупніца. — Свабода слова ў нас, канечне ж, ёсьць.

svaboda.org

 

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.