«Альтэрнатыва» прапануе ладзіць у Курапатах экскурсіі для школьнікаў

Грамадскае аб’яднанне «Альтэрнатыва» рыхтуе зварот у Міністэрства адукацыі з прапановай уключыць у школьную праграму па гісторыі Беларусі экскурсію ва урочышча Курапаты – сусветнавядомае месца забойстваў ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1930-1940-х гадоў. У падтрымку гэтай прапановы актывісты пачынаюць збор подпісаў сярод мінчукоў. 

«Мы лічым, што пазнавальныя экскурсіі ў Курапатах будуць спрыяць павышэнню інфармаванасці маладога пакалення малавядомымі трагічнымі эпізодамі сталінскай эпохі, а таксама пазітыўна ўплываць на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, маральнасць, прывучаць да памяці і шанавання сваіх продкаў. У той час, калі многія навучальныя ўстановы ладзяць так званыя “дабравольна-прымусовыя” экскурсіі на Лінію Сталіна, Курган Славы і г.д., то будзе справядліва паказваць школьнікам і адваротны бок тагачаснага рэжыму, ладзячы наведванне народнага мемарыялу ў Курапатах. Няма сумневу, што без ведання і асэнсавання тых трагічных падзей, гісторыя можа паўтарыцца. Таму сёння дадзеная прапанова мае вялікі сэнс! Спадзяемся, што беларускія ўлады, можа паступова, але і ўключаць адпаведныя экскурсіі ў школьную праграму. Курапацкі лес цяпер гэтаму спрыяе –  добраўпарадкавана тэрыторыя, зроблена бяспечная дарога, вось-вось адкрыецца мемарыяльны знак ад дзяржавы», – каментуе ідэю лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан. 

У звароце прапануецца праводзіць экскурсіі для вучняў старэйшых класаў сталічных навучальных устаноў.     

 

Нагадаем, з 1993 году ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахавання ахвяр палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў. Курапаты маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі, што паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» адпавядае катэгорыі "найбольш унікальных каштоўнасцяў, духоўныя, эстэтычныя і дакументальныя вартасці якіх уяўляюць міжнародную цікавасць". 

15 студзеня 1994 г. Курапаты наведаў прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, падчас чаго быў ўсталяваны памятны знак у выглядзе мемарыяльнай лаўкі "Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці". 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.