З пачатку чэрвеня працягваецца штодзённая варта ля рэстарана «Поедем, поедим», што побач з ахоўнай зонай Курапатаў – месца масавых сталінскіх расстрэлаў бязвінных беларусаў.
Ад 12 гадзіны да вечаровага часу ля ўваходу ў рэстарацыю збіраюцца неабыякавыя людзі, каб выказаць свой пратэст і праінфармаваць патэнцыйных наведвальнікаў.Сярод удзельнікаў чарговай хвалі абароны Курапатаў ёсць і актывісты “Альтэрнатывы”, а таксама кіраўнік аб’ядання Алег Корбан. Сярод вядомых грамадскіх актывістаў – Павал Севярынец, Аляксей Туміловіч, Вольга Нікалайчык, Ніна Багінская, Наталля Гарачка, Зміцер Дашкевіч.
Фотаздымкі з падзей 8 чэрвеня:
Транспарт, што спрабуе патрапіць на тэрыторыю рэстарацыі сустракаюць абаронцы, якія перадаюць адмысловыя буклеты, а таксама спрабуюць інфармаваць – на гэтым месцы забівалі беларусаў, таму тут не месца пляскам ды застоллям.
Тым часам незалежныя СМІ даведаліся каму ўсё ж такі належыць гэты скандальны комплекс. Што датычыцца ўладальніка, то 32% акцый (найвялікшы пакет сярод усіх акцыянераў) належаць Леаніду Зайдэсу. Таксама да ўладальнікаў належыць рэзідэнтка Ізраілю Ала Сурыс, амерыканская кампанія Lenton realtу LLC і зарэгістраваная на Кіпры «Белсі Інвэстмэнтс Лімітэд».
Забаўляльны комплекс, на тэрыторыі якога цяпер месціцца рэстаран «Поедем поедим», быў збудаваны ў ахоўнай зоне Курапатаў — яе межы пасунулі ўжо пасля пачатку будаўніцтва. Актывісты, якія пратэстуюць супраць «карчмы на костках», лічаць функцыянаванне гэтай установы незаконным і амаральным, патрабуюць «музей, а не кабак».
Нагадаем, рэстаран, нягледзячы на пратэсты, адкрылі — таемна і неўрачыста. У сераду 6 чэрвеня міліцыянты не далі пікетоўцам паставіць намёт каля яе. У час пратэсту было некалькі сутычак людзей, якія называлі сябе наведнікамі ўстановы, з пратэстоўцамі. Міністар унутраных справаў заяўляў, што сілавікі «ня будуць буферам паміж бакамі».
Абарона месца працягваецца!