Ужо больш месяца трымаецца грамадскі пратэст ля ўрочышча Курапаты, скіраваны супраць працы рэстарацыі “Поедем, Поедим” побач з народным мемарыялам – месцам, дзе ў 1930-1940 гг. адбываліся масавыя растрэлы бязвінных людзей.
Паводле дамовы, вахту дзяжурства нясуць 9 арганізацый, кожная структура адказвае за адпаведны дзень. Дзяжурства размеркавана такім чынам: панядзелак – ГА “Альтэрнатыва” і Аб’яднаная грамадзянская партыя, аўторак – Рух Салідарнасці “Разам!”, серада – аргкамітэт па стварэнню партыі БХД, чацвер – партыя БНФ, пятніца – “Малады Фронт”, субота – грамадская кампанія “Еўрапейская Беларусь!”, нядзеля – партыя КХП БНФ, а таксама сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада”. Дапамагаць актывістам перыядычна далучаюцца актывісты руху “За Свабоду!”, а таксама іншыя неабыякавыя грамадзяне.
Дзяжурства заключаецца ў прысутнасці грамадскіх актывістаў ля брамы рэстарацыі ды інфармаванні наведнікаў аб маральным чынніку працы гэтай забаўляльнай установы побач з сусветнавядомым мемарыялам сталінскіх злачынстваў. Пры гэтым, актывісты перыядычна блакуюць заезд аўтатранспарту на тэрыторыю рэстарацыі. Час ад часу, па гэтай прычыне, здараюцца канфліктныя сітуацыі з наведнікамі, якія адрозніваюцца сваёй бездухоўнасцю і тыповым таталітарна-сталінскім светапоглядам. Адзін з такіх канфліктаў зафіксавала і нашая прэс-служба:
Варта адзначыць, па сённяшні дзень паміж удзельнікамі пратэсту і ўласнікамі рэстарацыі няма адпаведнага дыялогу для вырашэння праблемы. З аднаго боку, уласнікі разумеюць, што іх бізнес не дае прыбытку, бо амаль няма наведнікаў, але з іншага боку, цяжка знайсці прымальны для ўсіх кампраміс. Сярод патрабаванняў пратэстоўцаў гучыць як ультыматум – патрэбен знос усёй установы. Але ж хто на гэта пагадзіцца, тым больш, што ўлада пакуль не выказалася са сваёй пазіцыяй.
За апошні месяц падчас пікетавання здарылася шмат падзей: ад наезду на актывістаў аўтамабілямі ды нават непраўдзівага паведамлення пра замінаванне рэстарацыі. Нягледзячы на тое, што ўлада афіцыйна не падтрымала якісьці бок у гэтым канфлікце, праваахоўнікі ўсё ж складаюць пратаколы на больш актыўных пікетоўцаў, што блакуюць рух аўтамабіляў. Не абыйшлося і без арыштаў – па 10 сутак зняволення ўжо атрымлівалі некаторыя найбольш гарачыя актывісты – Павел Севярынец, Максім Вінярскі, Аляксей Туровіч, Дзяніс Урбановіч , Вольга Мікалайчык, Наталля Гарачка.
Нагадаем, забаўляльны комплекс у Курапатах з’явіўся яшчэ ў 2012 годзе. Пасля зваротаў грамадскасці дзяржаўныя ўстановы выявілі парушэнні пры будаўніцтве, і яно было спыненае. Аднак у 2015 годзе Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону Курапатаў са 120 да 50 мэтраў, і рэстарацыя трапіла ў зону рэгуляванай забудовы, дзе будаваць можна з улікам пэўных нюансаў. Пратэсты грамадскасці, звароты ў суд і пракуратуру плёну не далі. У свой час свядомая грамадскасць прапаноўвала дзяржаве выкупіць комплекс і перадаць яго на баланс Беларускага саюзу мастакоў «дзеля творчай дзейнасці ў інтарэсах Курапатаў», таксама гучалі ды іншыя прапановы, але выніку так і няма.
Як стала вядома незалежным СМІ, замоўнікам будоўлі ад самага пачатку стала Супольнае таварыства з абмежаванай адказнасцю (СТАА) «БелРэстІнвэст». Сярод саўладальнікаў гэтага бізнесу – Ізраілевіч Аркадзь Львовіч ( валодае «Групы кампаній «ІВ», таксама СЗАТ «Асфальтабетонны завод», мае актывы кампаній «МІГінвэст», рэстарацыі «Баржа» і Carpaccio); суўладальніца «Белнаватэкс груп» — грамадзянка Ізраіля Аліна Сурыс, якая, з’яўляецца фармальным уласнікам, а самім бізнесам займаецца яе сын — Барыс Паўлавіч Сурыс; Зайдэс Леанід Лейбавіч (адзін з уласнікаў рэстарацыі «Кушавель», «Тусэ», «Дача»).