Грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” з дапамогай краўдфандынгавай платформы talaka.by распачынае збор фінансавых ахвяраванняў для дапамогі дзецям-сіротам.
Сябры “Альтэрнатывы” плануюць арганізацыю дабрачынных культурніцка-асветніцкіх акцый у рэгіянальных школах-інтэрнатах Беларусі. Мерапрыемствы будуць праходзіць у фармаце камунікацый з дзецьмі, віктарын і конкурсаў з перадачай падарункаў.
“Сёння ў многіх сацыяльных дзіцячых установах існуюць праблемы з матэрыяльным забеспячэннем, бываюць выпадкі, што бракуе нават з рэчамі гігіены, вопраткай, патрэбнымі кнігамі і г.д. Каб спрыяць паляпшэнню такой сітуацыі, мы плануем збіраць патрэбныя рэчы і арганізоўваць візіты ў найбольш праблемныя ўстановы, дзе для іх выхаванцаў мы будзем ладзіць адмысловыя беларускамоўныя асветніцкія віктарыны, святочныя імпрэзы з перадачай сабраных падарункаў”, – каментуе ідэю лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
Варта адзначыць, на працягу 2013-2016 гг. сябры “Альтэрнатывы” зладзілі 9 дабрачынных акцый у рэгіянальных школах-інтэрнатах, да ўдзелу у некаторых з іх нават далучаліся дыпламаты амбасадаў Францыі, ФРГ, Славакіі, Чэхіі і Літвы, таксама свае кнігі перадавалі вядомыя айчынныя гісторыкі, сярод якіх Анатоль Грыцкевіч, Уладзімір Арлоў і іншыя.
Збор ахвяраванняў будзе доўжыцца да сярэдзіны ліпеня гэтага году. Каб падтрымаць ідэю, варта перайсці па спасылцы на сайт Талакі: https://www.talaka.by/projects/2023/fund.