Мінская сетка кавярняў VARKA уключыла ў сваё восеньскае меню «Смак Радзімы» бульбяны раф. Адпаведная аб’ява з’явілася ў інстаграм-акаўнце ўстановы.
Каманда кавярні падкрэсліла, што ў гэтым сезоне вырашылі стварыць напоі, якія будуць блізкія сэрцу ўсіх беларусаў.
«Так і з’явіўся “Смак Радзімы”: палявы ўзвар, бульбяны раф, рагачоўская кава, маркоўны бамбл, кісель з брусніцамі», — паведаміла VARKA.
Цана кожнага напою — 8,5 рубля. Сезоннае меню будзе даступна ўсю восень.
Наведнікі кавярні ў каментарах пад запісам ацанілі навіны.
«Бульбяны раф проста супер», — падзялілася ўражаннямі падпісантка.
«Абавязкова трэба паспрабаваць», — параіла іншая.
«Пакаштуем неяк», — паабяцаў яшчэ адзін карыстальнік Instagram.
Для даведкі: РАФ-кава рыхтуецца шляхам дадання нагрэтых паром слівак з невялікай колькасцю пены (0,5 см) у адзінкавую порцыю эспрэса. Часта падаецца з сіропам. Прынцыпова падобен на латэ, але адрозніваецца даданнем ванільнага цукру і смятанкі заміж малака. З’явіўся пад канец 1990-х гадоў.