Завершаны збор подпісаў пад зваротам аб усталяванні макета Менскага замчышча

Актывісты грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” сабралі 1000 подпісаў пад зваротам да сталічных уладаў усталяваць на Нямізе плоскасцевы макет старажытнага менскага замчышча.

Арыгіналы подпісаў разам са зваротам будуць сёння накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама Мінгарвыканкам.

“Мы хочам звярнуць увагу адказных чыноўнікаў на важнасць папулярызацыі гістарычнай спадчыны Мінска, вяртання гораду яго аблічча, павышэнне турыстычнай прывабнасці. Усё гэта цудоўна стасуецца з 950 годдзем Мінска, якое будзе адзначацца на афіцыйным узроўні ў пачатку верасня. Перакананыя, што распрацаваць такі макет не праблема, бо ёсць адпаведныя праекты археолагаў, якія падчас будаўніцтва другой лініі метро ў 1984-1985 гг. змаглі вызначыць межы замчышча, выгляд брамы, месца знаходжання першай царквы. Увогуле, для гістарычнага цэнтра ўсталяванне макетнай плоскасцевай выявы – нармальная практыка, гэта лепей за звычайны стэнд ці стандартную шыльду. Апроч таго, гэта не закрые выгляд на Траецкае прадмесце. У нашым звароце мы пазначылі пажаданыя характарыстыкі гэтай канструкцыі, апроч выбару матэрыялу, гэта за рашэннем чыноўнікаў, у залежнасці ад сродкаў у бюджэце”, – каментуе лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.  

Адзначым, сёння месца знаходжання менскага замчышча пазначана толькі шыльдай на палацы працоўных рэзерваў. Ніякіх іншых інфармацыйных звестак на гэтым месцы няма.

Сярод тых, хто падтрымаў дадзены калектыўны зварот ёсць і вядомыя мінчукі, сярод іх гісторык Ігар Кузняцоў, пісьменнік на гістарычную тэматыку Анатоль Тарас, гісторык і даследчык Зміцер Дрозд, гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, паэтэса Валянціна Аксак, народная артыстка Зінаіда Бандарэнка, культуролаг Вадзім Мажэйка, музыка Лявон Вольскі, Паліна Рэспубліка, а таксама шматлікія грамадскія дзеячы, сярод якіх Павел Севярынец, Артур Фінькевіч, Юрась Карэтнікаў.             

Подпісы збіраліся на працягу месяца “ужывую”, побач з месцам гістарычнага замчышча на Нямізе. Супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў перапісвалі пашпартныя дадзеныя актывістаў, якіх-небудзь наступных эксцэсаў зафіксавана не было.      

Вам таксама можа спадабацца

2 thoughts on “Завершаны збор подпісаў пад зваротам аб усталяванні макета Менскага замчышча

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.