Топ-5 магчымых брэндаў Беларусі

Шмат часу лепшыя розумы Беларусі ў пошуках стварэння яскравага іміджу краіны. У свеце нас ведаюць – стоп, амаль не ведаюць. Беларусь? Дзе гэта?

Чарнобыль, бульба, Белазы, Лукашэнка, Домрачава. Чым насамрэч краіна вядомая? Якімі рэчамі беларусы могуць ганарыцца і з чаго зрабіць прывабную цукерку для замежнікаў? Нашае альтэрнатыўнае бачанне палягае ў 5 рэчах, з якіх варта зляпіць сапраўдныя беларускія брэнды. 
  
1. Краіна замкаў і нечаканых славутасцяў. Беларусь – помнік старадаўніх літоўскіх замкаў, абарончых бастыёнаў, цэркваў ды касцёлаў, шляхецкіх сядзібаў з прыгожымі паркавымі комплексамі.

Дзе ні зірні – паўсюль гісторыя, адметнае мястэчка. Праўда, большая частка з іх дзякуючы ваенным ліхалеццям ды савецкай “талерантнасці” прыбываюць у не самым лепшым стане. Часам, толькі рэшткі якогасьці палаца нагадваюць аб яго існаванні, як, напрыклад, замкі ў Крэва, Гродне, Мсціславе, сядзіба Дамейкаў у Жыбартоўшчыне і г.д. Што можна зрабіць сёння? Па-першае, зрабіць акцэнт на развіцці інфраструктуры – дарогі, прыдарожны сэрвіс, гатэлі, цікавыя турыстычныя паслугі, анімацыя і шоу. Па-другое, кансервацыя аварыйных гісторыка-культурных аб’ектаў або правядзенне іх якаснай рэканструкцыі, з запрашэннем да справы вядучых экспертаў замежжа. Замкі мусяць быць візітнай карткай краіны (даволі ўдала пачынаюць выкарыстоўваць Мірскі замак). Удасканаліць цікавасць да замкаў дапаможа слова – летапісныя паданні мінуўшчыны, містычныя аповеды аб тутэйшых прывідах ды іншых мясцовых таямніц. А яшчэ дадаць гатэльную паслугу – ноч у старажытным палацы. Трэцяе. Папулярызацыя гістарычных цікавостак, якія звязаныя з важнымі падзеямі ды асобамі. Напрыклад, месцы бітваў на нашай зямлі шведаў, французаў, палякаў, немцаў і г.д. Асобна можна вызначыць маршрут славутай напалеонаўскай арміі, пераправа праз Беразіну, месца ікс, дзе застаўся вялікі скарб імператара. А ў Бешанковічах па сённяшні дзень стаіць дуб, дзе Напалеон Банапарт пазіраваў мастаку для гістарычнай карціны. Чаму б дзяржаве не ўзяць пад абарону гэты дуб? Цікавай будзе таямнічая гісторыя зніклых 12-ці радзівілаўскіх залатых апосталаў, зробленых у чалавечы рост з чыстага золата і аздобленых каштоўнымі камянямі. Той жа Пішчалаўскі замак, вядомы як  “Валадарка” у Мінску варта закрыць і ператварыць пад музей з гатэлем. А колькі цікавых будынкаў на Палессі – цуд драўлянай забудовы, у атачэнні маляўнічых балотаў і лясоў. Прыгожая кропка для развіцця як мінімум агратурызму. Відавочна, комплекс такіх захадаў палепшыць турыстычны клімат нашай дзяржавы, усё гэта будзе яшчэ лепей прывабліваць да нас многіх еўрапейцаў ды шчодрых расійскіх турыстаў. 

2. Музей саветчыны.

Дзе яшчэ сярод былых краін савецкай імперыі столькі помнікаў чырвонай эпохі? Канешне, у Беларусі. І сёння на гэтым наша краіна можа зарабляць. Напрыклад, стварыць у адной кропцы (выбраць горад ці гарадскі пасёлак) адпаведны музей – пантэон саветчыны, дзе будуць сабраныя ўсе яе атрыбуты – сталінскі ампір, класічны барак, хрушчоўка, транспаранты і агітплакаты, варанкі, сабраныя з ўсёй краіны помнікі Леніна, іншая цікавая каштоўнасць. Канешне, без гатэля ніяк – турысту можна прапанаваць тыповую савецкую гасцініцу з тагачасным сэрвісам, сталоўкай і апартам з газіроўкай. Настальжы? Ці наўпрост хочаш пазнаёміцца з саўком? Запрашаем!

 
3. Дранікі і абаранкі.

Так сталася, што паўднёваамерыканская бульба ўпэўнена замацавалася на айчыннай кухні, а наш усходні сусед празваў нас бульбашамі. Крыўдна? Нешта ёсць. Але крыўдна, што народ, гісторыя якога налічвае шмат стагоддзяў, так і не здолеў якасна папулярызаваць лепшыя стравы нацыянальнай кухні, па сёння не прыдумаў на сваёй зямлі якуюсьці бургерфішку. Вось у ЗША прыдумалі McDonald's, сёння іх рэстаранамі ўпрыгожаны ўсе цывілізаваныя краіны. Чаму б урэшце і нам не распрацаваць айчынную сістэму хуткага харчавання, давесці яе да нацыянальнага ўзроўню? А пасля на пакарэнне свету. Даеш рэстараны Белкухні! Беларускія дранікі, калдуны, мачанка, белбургер. Ладная альтэрнатыва замежным фастфудам. Яшчэ і абаранкі – смачная цікавостка, прыдуманая ў старадаўнія часы ў Смаргоні, дарэчы, першапачаткова ў якасці пайка для дрэсуры мядзведзяў. Дранікі і абаранкі – смачны брэнд Беларушчыны! 

4. Зубр і бусел – два сімвалы Беларусі.

600-гадовая Белавежская пушча – яскравы і бескампрамісны сімвал свабоды. Тут жывуць зубры, рэдкі від з роду бізонаў. Мужная, спакойная, мудрая жывёла, якая звязана з намі ў нечым агульным па гісторыі, пацярпелая ад шматлікіх выпрабаванняў, войн і разбурэнняў, вынішчэнняў і пакутаў. Яна выжыла. Так выжыў і наш народ.  
Бусел – сімвал дабрабыту, ахоўнік сям’і, птушка, што звязвае неба і зямлю. Вядомаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу Беларусь бачылася краінай, якая знаходзіцца пад апекай белых буслоў — зямлёй пад белымі крыламі. Ён пісаў: “Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы…” 

5. Біятлон. Беларусь – краіна спартоўцаў!

Літва пазіцыянуе сябе як баскетбольная краіна. Што можна раскручваць у сінявокай? Мы маем лядовыя палацы, ладзім спаборніцтвы, сярод грамадства пашыраецца мода на здаровы лад жыцця. Але ўсё гэта ёсць і за мяжой. Нам цяжка канкурыраваць з еўрапейскімі краінамі, у той жа Фінляндыі колькасць лядовых палацаў у разы большая за нашых, а насельніцтва ўсяго 5,5 млн. І многія дзяржавы свету таксама ўкладваюць значныя сродкі на развіццё айчыннага спорту. Сітуацыю выратоўвае генетыка беларусаў, мужнасць і упартасць спраўджваюць чаканні ў футболе, хакеі, тэнісе, біятлоне ды некаторых іншых відах спорту. Нашым уладным іміджмейкерам можна смела засяродзіцца на адным з найбольш паспяховых накірункаў – біятлоне і прасоўваць Беларусь як краіну біятлону! Без варыянтаў. 

Чыстыя вуліцы, парадак, прыгожыя дзяўчыны. Што яшчэ трэба замежнікам да поўнага шчасця? Бадай, сапраўдны дух свабоды, як у любым еўрапейскім горадзе. Для гэтага ўладным структурам варта папрацаваць над сваёй закасцянелай сістэмай. Спачатку навучыць супрацоўнікаў памежнай службы ўсміхацца кожнаму турысту. Прыемная рэформа. Дазволіць фота і відэаздымку ўсіх аб’ектаў, нават супрацоўнікаў міліцыі. Нарэшце!         

Крыху волі чыноўнікаў і працэс карэкцыі іміджу можна запускаць. І тады Беларусь паўстане перад замежнікам як смачная цукерка, якая чакае свайго раскрыцця. Прыедзь у Беларусь – краіну біятланістаў, прыгожых дзяўчат, старадаўніх замкаў, славутасцяў і містыкі, сапраўднага музею саветчыны, смачных дранікаў і абаранкаў! Раскрый цукерку!

Вам таксама можа спадабацца

2 thoughts on “Топ-5 магчымых брэндаў Беларусі

  1. Ещё стоит использовать природное достояние – Браславские озёра, красивые и чистые места, водиться редкая рыба, вот здесь бы развивать активный отдых. Сюда с радостью поедет ещё больше отдыхающих нежели теперь!

    1. Да вы правы. Спасибо за ваше предложение. На самом деле можно много таких брендов найти в нашей стране).

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *