Там, дзе гучаць паланэзы

Нядаўна здзейсніў цікавую вандроўку. Прывандраваў я ў вёску Залессе, Смаргонскага раёна, Гродзенскай вобласці. 

Месца знаходзіцца прыкладна 100 кіламетраў ад Мінска. Акурат побач з вёскай праходзіць мяжа з Мінскай вобласцю. Старая частка вёскі знаходзіцца прыкладна ў адным кіламетры ад чыгункі. Залессе – надзвычай цікавае і ўнікальнае месца – адна са сталіц славутага роду Агінскіх. А самым знакамітым прадстаўніком гэтага рода быў Міхал Агінскі – кампазітар і грамадскі дзеяч. Тут ён пражыў каля 20 год. Менавіта, у гэтым месцы быў напісаны і ўпершыню прагучаў знакаміты паланез “Развітанне з Радзімай”.

У Залессі я ўпершыню быў у 2005 годзе. З тых часоў сядзібу адрэстаўравалі. На вежы з’явіўся гадзіннік з курантамі, як у маскоўскім Крамлі. Шмат што змянілася ды ў лепшы бок. Экскурсію па музею нам правялі “дзеці” Агінскага. Мы наведалі пакоі кампазітара, а таксама яго аранжарэю.

Агінскія былі ўладарамі гэтых мясцінаў яшчэ з пачатку васямнаццатага стагоддзя. Першая сядзіба Агінскіх была драўлянай. Побач з ёй быў вялікі французскі парк. Атынкаваныя і пабеленыя сцены маёнтка гарманіравалі з чырвонай чарапічнай страхой. На другім паверсе быў шэраг жылых памяшканняў. Побач аранжарэя і гаспадарчыя пабудовы. Акрамя іх яшчэ два павільёны. У палацу была бібліятэка з меладычным венскім раялем. На жаль, да сённяшняга часу гэты барочны ансамбль васямнаццатага стагоддзя не захаваўся. На яго месцы звычайнае калгаснае поле. Перакананы, яго трэба аднавіць!

Да Міхала Агінскага маёнтак належыў яго дзядзьку Францішку Ксаверыю Агінскаму, які не меў дзяцей. Францішак Агінскі быў кухмістр літоўскі. Сам Міхал пайшоў далей па службовай лесвіцы. У Рэчы Паспалітай ён займаў пасаду падскарбія літоўскага (намеснік міністра фінансаў Вялікага княства Літоўскага). Падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі ён на свае грошы стварыў батальён у 500 чалавек! І з гэтым конным батальёнам ледзь не адваяваў Менск. Пасля паразы паўстання быў вымушаны эміграваць у Еўропу. Але неўзабаве вярнуўся, сябры дапамаглі. З 1802 года пасяліўся ў Залессі. А Францішак Агінскі падараваў яму палац, а сам пераехаў у Маладзечна, у другі палац Агінскіх. Міхал Агінскі вырашыў не рамантаваць стары палац, а побач пабудаваць новы, у стылі класіцызму. І не проста палац, а цэлы вялікі палацава-паркавы комплекс па праекце архітэктараў М. Шульца і П. Пусье. З новай вялікай аранжарэяй і шматлікімі пакоямі. У дворыку быў фруктовы сад. У самым палацы: музычны салон, більярдная, сталовая і шэраг іншых памяшканняў. Побач з палацам і зараз можна ўбачыць капліцу, якую пабудавалі ў тыя гады. Дэкаратар Пеўзнер побач з французскім разбіў і ангельскі парк. На плаціне праз рэчку быў пабудаваны вадзяны млын. Яшчэ далей знаходзіўся батанічны сад і звярынец. Зімой працаваў каток. Сёння, зразумела, усяго гэтага хараства няма. Ёсць парк, а за сядзібай яблыневы сад, якому гадоў трыццаць. З часоў Агінскага, праўда, захаваліся некалькі альтанак, таксама ў стылі класіцызму. Па ініцыятыве Міхала Клеафаса Агінскага былі устаноўлены два мемарыяльныя валуны. Іх можна бачыць і сёння. Адзін з іх, гэта напамін пра паўстанцаў 1794 года. Ён мае надпіс “Ценям Касцюшкі”. Другі прысвечаны першаму гувернеру Міхала Агінскага спадару Ралею.

Міхал Клеафас Агінскі пражыў у Залессі дваццаць гадоў. Займаўся палітыкай, але, галоўнае, ствараў музычныя творы і праводзіў літаратурна-музычныя вечарыны. Нездарма Залессе называлі “Паўночнымі Афінамі”. Акрамя знакамітага паланэзу “Развітанне з Радзімай” тут былі створаны фартэпіянныя п’есы, мазуркі, маршы, рамансы. Менавіта ў Залессі была створана опера “Зеліда і Валькур, ці Банапарт у Каіры”. Агінскі тут пісаў мемуары, а таксама гістарычны трактат “Пісьма аб музыке”. Ён шмат пісаў.

Але ў 1822 годзе Міхал Агінскі з’язджае ў Італію. Яго дзеці і ўнукі пераязджаюць у заходнюю Літву. Залессе паступова сыходзіць у нябыт…

Да перабудовы тут знаходзіўся дом для старых людзей, які належыў прадпрыемству “Смаргоньсілікатбетон”. І сёння па дарозе можна ўбачыць закінуты гмах прафілакторыя гэтага прадпрыемства. У пачатку 2000-х улады пачалі патроху аднаўляць сядзібу, сёння ў палацы праходзяць вечарыны і навуковыя канферэнцыі.

Здаецца, тут і зараз чутна музыка славутага класіка. Яна нараджаецца ў сядзібе і ветрам праносіцца па алеям старога парку! Усім раю патрапіць у Залессе і адчуць гэтае хараство!  

 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.