Алег Корбан: Даведацца, што насамрэч адбываецца, намагаліся паміж радкоў «СБ»

Вялікая гутарка «БелСат» з палітвязнем Алегам Корбанам, які пасля 6 месяцаў зняволення выйшаў на свабоду. 

Яшчэ тры тыдні таму Алег Корбан, які ўжо шосты месяц перабываў у зняволенні, нават не спадзяваўся, што хутка зможа піць каву ў звычайнай гарадской кавярні. Лідара грамадскай ініцыятывы «Альтэрнатыва» затрымалі 25 кастрычніка і «класічна» абвінавацілі ў арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Алег настройваў сябе на паўтара года або два гады пазбаўлення волі, але суд – ён адбыўся 23 красавіка – прызначыў палітвязню год і шэсць месяцаў з умоўным неўжываннем пакарання. Гэта значыць – Алег Корбан проста выйшаў з залы суда і паехаў дадому. Ён назваў гэта цудам.

«Самыя важныя моманты пасля вызвалення – гэта калі я змог абняць жонку, праз некалькі гадзінаў убачыў дачку, а таксама калі схадзіў у лазню, заварыў добрую гарбату, сеў ва ўтульны фатэль, адкрыў ноўтбук і пачаў чытаць усе навіны. Я чытаў пра «сафары» на шляху да Курапатаў і пра Усебеларускі сход, глядзеў карцінкі і дэматыватары, бачыў, чым увесь гэты час жылі мае знаёмыя. Гэта вельмі класнае пачуццё: ты ў сябе ўдома, за табою няма кратаў, за дзвярыма не ходзяць назіральнікі, табе не пагражае карцар і на гэты момант ты свабодны. Твае родныя побач, і можна рабіць, што хочаш, – выпіць кавы, выйсці і пабачыць неба, падыхаць свежым паветрам. У штодзённых справах ты не задумваешся пра кошт свабоды і не цэніш свайго атачэння, сям’і, знаёмых. А калі выходзіш з турмы, адчуваеш, наколькі ўсё гэта важна і наколькі важна гэтым даражыць».

Алег Корбан вядомы палітычнаю дзейнасцю. Ён тым ці іншым чынам браў удзел у прэзідэнцкіх кампаніях 2006, 2010 і 2015 гадоў, мае за плячыма затрыманні і крымінальныя справы, заснаваў не зарэгістраваную ў Беларусі грамадскую ініцыятыву «Альтэрнатыва». Але да выбарчае кампаніі мінулага года ўжо не меў ніякага дачынення, а 9 жніўня і наступнымі днямі заставаўся ўдома.

«Я больш не займаюся палітыкаю: у пэўны момант я расставіў прыярытэты на карысць таго, што мне больш падабаецца і дзе ў нашых умовах можна хутчэй дасягнуць поспеху, – развязаць лакальную праблему або ўвесці нейкую навацыю. З сябрамі-аднадумцамі мы пачалі працаваць у грамадскім кірунку, ужо некалькі гадоў я бачу сябе менавіта ў сацыяльных і культурніцкіх праектах».

У жніўні, калі карыстальнікам вярнуўся доступ да інтэрнэту і ўсе даведаліся, што адбылося ў дні пасля выбараў, Алег з валанцёрамі «Альтэрнатывы» пачаў арганізоўваць дапамогу пацярпелым падчас мірных акцыяў пратэсту – збіраць сродкі і накіроўваць іх на медыкаменты, паслугі адваката, штрафы ды іншае.

«Дапамога была невялікая, але аператыўная – у гэтым была яе адметнасць. Я нашае дзейнасці не хаваў, пісаў пра яе ў сацсетках і на сайце арганізацыі і не бачыў у ёй злачынства: мы па-чалавечы дапамагалі тым, каму была патрэбная дапамога. Я сам неаднойчы апынаўся пад пераследам, таму разумею важнасць падтрымання ў такі час. Відавочна, некаму наверсе нашая актыўнасць не спадабалася – мяне затрымалі, падчас ператрусу забралі тэхніку, на допыты выклікалі больш за сто чалавек».

«Сукамернікі выпрасілі пасткі і за адну ноч злавілі сем мышэй»
Да мінулага года Алега двойчы абвінавачвалі паводле крымінальных артыкулаў, некалькі разоў затрымлівалі і давалі содні. І раней умовы ўтрымання ў турмах Беларусі актывіст не мог назваць «людскімі», але цяпер, кажа, яны сталіся яшчэ больш жорсткімі.

«У абыходжанні са зняволенымі з боку працаўнікоў праваахоўных органаў адчуваецца нейкая ўсёдазволенасць. Каб паставіліся з разуменнем ці павагаю – такога няма. Інфармацыю цяпер блакуюць больш, атрымаць звесткі са свабоды складаней, а трапіць у карцар, наадварот, прасцей – калі раней гэта трэба было заслужыць, цяпер цябе могуць лёгка накіраваць у тыя нечалавечыя ўмовы праз жаданне кожнага працаўніка СІЗА. Зрэшты, Валадарка ў параўнанні з іншымі месцамі крыху лепшая. У адной з яе камер мае сукамернікі неяк выпрасілі пасткі і за адну ноч злавілі сем мышэй. Праўда, менш іх пасля гэтага не зрабілася. Нармальным даглядам стану здароўя ў СІЗА не займаюцца, і калі табе змераюць тэмпературу, яна абавязкова будзе 36,6».

Падчас зняволення актывіста максімальна абмежавалі ў атрыманні інфармацыі, тым больш альтэрнатыўнай. Тэлевізар, які быў у камеры ў першыя месяцы, у выніку забралі, такім чынам знікла магчымасць глядзець нават дзяржаўнае тэлебачанне. Потым перастала прыходзіць газета «Новы час».

«Мы намагаліся знайсці нешта паміж радкоў у «Савецкай Беларусі» і зразумець, што насамрэч адбываецца на волі. Зрэшты, і гэтая газета прыходзіла адзін-два разы на тыдзень. А ў лістах даходзілі толькі паштоўкі, віншаванні, жыццёвыя гісторыі пра коцікаў і сабачак, нічога сур’ёзнага з іх даведацца было нельга. Тым не менш атрыманне ліста – гэта самы доўгачаканы і прыемны момант. Іх чытаеш і некалькі разоў перачытваеш, шмат часу аддаеш на тое, каб напісаць адказ, калі ў камеры нехта ўмее маляваць, просіш яго аздобіць твой ліст малюнкам. У красавіку нам прыйшлі каляровыя алоўкі, раней іх чамусьці не перадавалі. І гэта крыху падняло нам настрой: у цемры і панурасці ты раптам бачыш нешта каляровае, разумееш, што наваколле не толькі чорна-белае, і нарэшце ў цябе ёсць выбар, якім алоўкам маляваць».

З тых паштовак і лістоў, якія Алег усё ж атрымаў, ён збіраецца зрабіць альбом на памяць: «Калі-небудзь праз сто ці дзвесце гадоў унукі ці праўнукі будуць чытаць гэта і паказваць адно аднаму – маўляў, вось, былі такія часы ў Беларусі, такі-та наш продак сядзеў у турме, і яму дасылалі такія лісты».

Пакуль актывіст быў за кратамі, займацца бягучымі пытаннямі засталася ягоная жонка Вольга – яна рыхтавала перадачы, камунікавала з адвакатам, гадавала дачку, выгульвала сабак, сплочвала крэдыт. «Гэта было для яе складана, але яна справілася».

Алег тым часам чытаў усё, што можна: Уладзіміра Караткевіча, Якуба Коласа, Аляксандра Дзюма, Генрыка Сянкевіча, Віктора Гюго, Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры. «Калі чытаеш, апускаешся ў іншы свет, і гэта адсоўвае ўвагу ад таго, дзе ты перабываеш. Амаль кожны вечар мы гулялі ў «Што? Дзе? Калі?», дзе я прыдумляў пытанні і быў асноўным вядоўцам. У нас былі шашкі і шахматы. Спортам там асабліва не пазаймаешся, але мы рабілі зарадку і стаялі ў планцы, была ў нас такая фішка – трэба прастаяць да пяці хвілінаў».

Калі праз паўгода бацька вярнуўся дадому, двухгадовая дачка яго не пазнала: «Яна была ў шоку, калі мяне ўбачыла, але потым апомнілася, прызвычаілася і цяпер ад мяне не адыходзіць».

«Я спазнаў эйфарыю – калі выходзіш і можаш нарэшце карыстацца свабодаю»
«Беларусь у кастрычніку мне падабалася больш. Людзі зрабіліся больш панурыя, асцярожныя, засяроджаныя на сваіх думках, на вуліцах іх цяпер менш. Шмат у каго чамаданны настрой, шмат хто ўжо з’ехаў – такая сітуацыя мне не вельмі падабаецца. Можна было прагназаваць, што менавіта гэтак усё і будзе, бо ўлады ўключаць рэпрэсіўную машыну, каб усімі шляхамі здушыць грамадскую актыўнасць. Праўда, ранейшыя дух і памкненні ў беларусаў засталіся, хай яны і не выяўляюцца ў вулічных пратэстах. Улады змаглі прыбраць людзей з вуліцы, але не змаглі змяніць іхнага светапогляду. Таму, каб эканамічны стан не каціўся ў прорву і вялізная колькасць адукаваных людзей не з’язджала з краіны, хацелася б, каб найбліжэйшым часам бакі прыйшлі да нейкага кампрамісу і арганізавалі дыялог».

Прысуд Алегу Корбану – гэта, як ён кажа, «лайтовая дамашняя хімія». З прызначанага тэрміну шэсць месяцаў палітвязень ужо адседзеў. На працягу года ён мусіць выконваць патрабаванні, якія прапісаў суд: весці добрапрыстойны лад жыцця, мець сталую працу, даваць справаздачы ўчастковаму інспектару, штонядзелю хадзіць на «выхаваўчыя» лекцыі, заставацца ў межах краіны, а таксама не перавышаць ліміту на адміністратыўныя парушэнні. Калі Алег выканае патрабаванні, у калонію не трапіць.

«Цяпер мне давядзецца трымаць яшчэ большую дыстанцыю ад усяго таго, што можна інтэрпрэтаваць як удзел у палітыцы. Сёння нават такая актыўнасць, як адвезці рэчы ў школу-інтэрнат, можа выклікаць пытанні, не кажу ўжо пра збор подпісаў, апытанні, сходы ці нешта яшчэ. У краіне цяпер занадта жорсткія абставіны, каб нечым займацца, мы ж не «Гавары праўду» і не Васкрасенскі, якім нашмат прасцей ажыццяўляць сваю дзейнасць. А пасля будзем глядзець – жаданне займацца грамадскімі праектамі з канкрэтнымі дасягальнымі мэтамі і задачамі ў мяне ёсць».

Алег кажа, што, калі ўжо трапіў за краты, трэба шукаць у гэтым карысць. Ён прачытаў багата кніг, займеў час падумаць і паразважаць, стаўся праз гэтае выпрабаванне мацнейшым, блізка разгледзеў, як працуе судовая сістэма Беларусі і што сабою ўяўляе гістарычны будынак Валадаркі, удасканаліў уменне разбірацца ў людзях.

«А потым я спазнаў эйфарыю – калі выходзіш і можаш нарэшце карыстацца свабодаю. Пасля такога ты рэальна цэніш тое, што маеш. Гэта, лічы, унікальная магчымасць у жыцці: адчуць, што значыць раптоўна атрымаць назад тое, што ў цябе адабралі. Я чакаю моманту, калі праз гэта пройдуць усе тыя, хто паводле надуманых артыкулаў сёння перабывае ў зняволенні. Звычайна ты займаешся сваімі справамі, руцінна, без настрою, а трэба радавацца кожнай хвіліне, кожнаму моманту на волі, які нам дадзены звыш. Тое, што мы ходзім пад гэтым небам, – суперкласна!».

Паводле https://3beltv.eu

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.