“Альтэрнатыва” прапаноўвае ўсталяваць макет Менскага замчышча

Грамадскае аб’яднанне “Альтэрнатыва” (зарэгістравана ў Латвіі) прапаноўвае сталічным уладам абазначыць месца старажытнага замчышча на Нямізе, усталяваўшы на гэтым месцы мініяцюрны макет з яго выявай. 

У падтрымку такой ідэі 27 ліпеня актывісты арганізацыі распачалі вулічны збор подпісаў. Паміж палацам працоўных рэзерваў і выхадам са станцыі метро Няміга была ўсталявана першая кропка з адпаведным зборам подпісаў, дзе мінакам тлумачылі сэнс ідэі ды распавядалі аб самой гісторыі Менскага замчышча. Як вынік, за гадзіну было сабрана больш за 100 подпісаў. 

Актывісты прапаноўваць уладам зрабіць макет паводле распрацаванага плану замчышча, якое зрабілі археолагі і гісторыкі з матэрыялаў некалькіх раскопак на Нямізе, асабліва ў 1984-1985 гг., калі будавалася другая лінія метрапалітэна. Дзякуючы гэтаму, тады быў вызначаны дакладны выгляд старажытнай брамы замчышча.    

“Улічваючы той факт, што ў бліжэйшы перыяд не будзе ажыццяўляцца праект адраджэння замкавага комплекса, мы лічым, што мэтазгодным і цікавым будзе ўсталяванне побач з гэтым месцам адпаведнай мініяцюры ў выглядзе макета з выявай унікальнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама з інфармацыяй аб яе гісторыі. З дапамогай гэтага жыхары і госці Мінску пашыраць свае веды аб старадаўняй гісторыі і культуры нашых продкаў, таксама гэта пазітыўна паўплывае на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. За дзесяць мінулых стагоддзяў месца гарадскога замчышча стала сапраўдным скарбам, архівам гісторыі, дзе пад верхнім пластом глебы захоўвалася і яшчэ працягвае захоўвацца хроніка старажытнага Менску. Сёння вельмі важна берагчы такую спадчыну, пашыраць звесткі пра яе даўнія разнастайныя архітэктурныя і культурныя асаблівасці”, – каментуе лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.

Збор подпісаў будзе ладзіцца на працягу 2 тыдняў, затым калектыўны зварот з копіяй сабраных подпісаў будзе накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі і Мінгарвыканкам. 

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.