За незалежную Беларусь!

Вясной 2014 г. «Альтэрнатыва» абвясціла кампанію ў абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. У цэнтры яе ўвагі – папулярызацыя сярод грамадства ідэі незалежнай краіны, дэмакратыі і свабоды, беларускай нацыянальнай культуры і народных традыцый. Сімвал кампаніі – Бел-чырвона-белы сцяг і старажытны Герб «Пагоня». Вулічныя акцыі і пікеты, флэш-мобы і пермормансы, плакаты і ўлёткі, вандроўкі і падарожжы, сустрэчы і дыскусіі – такім стаў працэс кампаніі.

За гэты перыяд актывісты «Альтэрнатывы» зладзілі шэраг мерапрыемстваў у Мінску і некалькіх гарадах сталічнага рэгіёну – Маладзечне, Смалявічах, Барысаве, Дзяржынску і іншых населеных пунктах. Падрабязней аб мерапрыемствах – у фотагісторыі.

 

У пачатку 2015 г. «Альтэрнатыва» звярнулася да сталічных уладаў з прапановай усталяваць побач з сучаснымі назвамі вуліц шыльды з іх гістарычнымі найменнямі. У дакуменце называліся 16 вуліц, 2 завулкі, 2 плошчы – усе аб’екты знаходзяцца ў цэнтры беларускай сталіцы. У падтрымку зварота было сабрана некалькі тысяч подпісаў мінчукоў, а таксама накіравана электронная петыцыя. Згодна з ідэяй задумкі, такія інфармацыйныя шыльды будуць спрыяць вяртанню Мінску яго гістарычнага аблічча, а таксама падкрэсліваць яго гісторыка-культурную значнасць. Як вынік, гарадскія ўлады пайшлі насустрач такой прапанове – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь назвала ідэю цікавай і вартай увагі і падтрымкі, Мінгарвыканкам даручыў адпаведнай камісіі прыступіць да рэалізацыі ідэі. Шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц мусяць з’явіцца на цэнтральных вуліцах Мінску ў канцы 2016 г. – пачатку 2017 г.