Абураныя беларусы болей не маўчаць – у краіне з’яўляецца надзея на лепшае

Маршы пратэсту ў беларускай сталіцы і абласных гарадах краіны яскрава дэманструюць – грамадства не толькі выступае за адмену скандальнага дэкрэта №3, а ўвогуле стамілася жыць па-старой прыгоннай сацыяльна-эканамічнай мадэлі.

На вуліцы смела выйшлі не толькі беспрацоўныя, але і людзі розных узростаў ды сацыяльных статусаў.

Першы Марш абураных беларусаў адбыўся 17 лютага ў цэнтры Мінску – нягледзячы на адсутнасць дазволу гарадскіх уладаў на яго правядзенне, на галоўную плошчу сталіцы выйшла некалькі тысяч чалавек. Выйшлі смела і рашуча. Удзельнікі акцыі выступілі супраць прэзідэнцкага дэкрэту №3 на падатак для так званых дармаедаў, а таксама супраць эканамічнай палітыкі ўлады. Арганізатарамі мерапрыемства сталі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, грамадскі актывіст Яўген Афнагель ды іншыя.

Праз дзень, 19 лютага акцыі абураных беларусаў прайшлі ў 5 абласных гарадах – Віцебску, Магілёве, Брэсце, Гомелі і Гродне. Найбольш масавай акцыя была ў Гомелі – на галоўныя вуліцы выйшла каля 2 тысяч чалавек. “Нет декрету номер три – Лукашенко уходи!” – такім стаў асноўны лозунг пратэстоўцаў. У натоўпе луналі бел-чырвона-белыя сцягі, ніхто не выкарыстоўваў  афіцыйную дзяржаўную сімволіку. Акцыі ў беларускіх рэгіёнах праходзілі ў тым духу, што і ў Мінску – людзі рашуча выказвалі сваю незадаволенасць эканамічнай сітуацыяй і агульнай несправядлівасцю ў краіне. Варта адзначыць, міліцыя ў правядзенні акцый не замінала.

Паводле публікацый незалежных СМІ, асноўная частка ўдзельнікаў маршаў упершыню выйшла на такі вулічны пратэст. Відавочна, многія беларусы не толькі разумеюць правал эканамічнай мадэлі дзеючай улады, але і ўжо гатовыя выходзіць на вулічныя акцыі пратэсту. Людзьмі звацца!

Ці пойдуць цяпер улады на саступкі, у першую чаргу, адмяніўшы антыканстытуцыйны дэкрэт №3, стане ясна ў бліжэйшыя дні. Як мяркуюць многія эксперты, гэта было б мудрым рашэннем – і авечкі былі б сытыя і ваўкі цэлыя, бо невядома да чаго можа прывесці народны пратэст у наступным месяцы.   

“Альтэрнатыва” шчыра вітае грамадскую актыўнасць у абароне і адстойванні сваіх правоў у фармаце мірных вулічных акцый і разам з тым заклікае ўсіх беларусаў да агульнай салідарнасці і кансалідацыі для канчатковай перамогі над беззаконнем і аўтарытарызмам на Беларусі! У сваю чаргу нашае грамадскае аб’яднанне працягне пашыраць сярод грамадства тэрыторыю дэмакратычных каштоўнасцей і свабоды, ладзіць новыя акцыі і кампаніі па інфармаванні грамадства незалежнай інфармацыяй!       

 

 

Вам таксама можа спадабацца

One thought on “Абураныя беларусы болей не маўчаць – у краіне з’яўляецца надзея на лепшае

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.