29 кастрычніка – дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій

79 гадоў таму, у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, у сутарэннях мінскай унутранай турмы НКВД былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР – літаратары, дзяржаўныя дзеячы і навукоўцы.

1021138667

                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                                              Усё гэта зрабіла гэты дзень адной з крывавых старонак айчыннай гісторыі ды найстрашнейшай расстрэльнай ноччу для беларускай інтэлігенцыі сталінскіх часоў.  
Сярод забітых – літаратары Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Міхась Чарот, Ізі Харык, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Янка Нёманскі, Юлі Таўбін, Анатоль Вольны, Хацкель Дунец, Васіль Каваль, Тодар Кляшторны, Масей Кульбак, Юрка Лявонны, наркамы асветы і юстыцыі БССР Аляксандр Чарнушэвіч і Максім Ляўкоў, рэктар БДУ Ананій Дзьякаў, дырэктар трэста “Галоўхлеб” БССР Георгі Барзуноў, загадчык кафедры Віцебскага ветэрынарнага інстытута Якаў Сандамірскі, начальнік Вышэйшай школы Наркамата асветы БССР Вадзім Башкевіч, старшыня ЦК прафсаюзаў БССР Захар Кавальчук, намеснік Наркамата саўгасаў БССР Леанард Лашкевіч, студэнт БДУ Саламон Лямперт ды іншыя. 
Літаральна на наступны дзень сталінскія апрычнікі ажыццявілі смяротны прысуд у дачыненні да чарговай “партыі” “ворагаў народу”: наркама унутранага гандлю Нохіма Гурэвіча, палкавога камісара 16-га стралковага корпуса Івана Паплыкі, прафесара Віцебскага ветэрынарнага інстытута Івана Троіцкага, пробашча Касцёла кармелітаў у Чавусах Паўла Казюнаса, праваслаўнага святара Аляксандра Раеўскага і яшчэ 30 чалавек. 
29 кастрычніка грамадскасць адзначае ў Беларусі Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій. Памяніце сваіх родных, знаёмых, суайчыннікаў і вы!

Вам таксама можа спадабацца

Пакінуць адказ

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *

Гэты сайт выкарыстоўвае Akismet для барацьбы са спамам. Даведайцеся пра тое, яе апрацоўваюцца вашы дадзеныя.