10 пытанняў лідару «Альтэрнатывы»

Інтэрв’ю з асобай альбо 10 дапытлівых пытанняў лідару грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” Алегу Корбану

— Спадар Алег, шчыра вітаем і прапануем паразмаўляць аб дзейнасці і планах “Альтэрнатывы”, сітуацыі ў грамадскім сектары, а таксама аб вашай уласнай чалавечай філасофіі!

— Узаемна, я заўсёды адкрыты да шчырай размовы. Дарэчы, можна на “ты”. 

— Ок. Пытанні рыхтаваліся нашай прэс-службай, з улікам частых пытанняў нашай аўдыторыі ў сацыяльнай сетцы. Першае, распавядзі, які ўвогуле сэнс вулічных акцый “Альтэрнатывы”?

— Сёння важна прыкладваць высілкі на развіццё грамадскай актыўнасці, прыцягваць людзей да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці краіны, прыняцці рашэнняў. Чым болей – тым будзе лепшы эфект. Гэта датычыцца ўсіх сфер – ад культурнай да палітычнай. Кожная наша імпрэза прымеркаваная да адпаведнай падзеі, праблемы, сітуацыі. Напрыклад, акцыі па раздачы бел-чырвона-белых сцяжкоў з “Пагоняй” – гэта папулярызацыя нацыянальнай гісторыі, беларускай ідэі. Альбо пікет супраць аўтараў інтэрнэт-рэсурса “Рэгнум”, дзе змяшчаліся правакацыйныя матэрыялы пра Беларусь, тут мы выказвалі свой пратэст гэтым асобам і тым самым рабілі спробу паўплываць на грамадскую думку адносна стаўлення да такіх людзей. Ладзілі акцыі і ў іншым фармаце, скажам флэшмобы, дзе імкнуліся з гумарам ды сцёбам паказваць пэўныя сацыяльныя з’явы, абсурднасць многіх рашэнняў ды заяў афіцыйных уладаў. Кожны мінак ці чытач ленты навін пабачыць такое мерапрыемства і задумаецца, а ў кагосьці можа з’явіцца натхненне зладзіць нешта падобнае ў іншым месцы, ці нават горадзе і гэта файна.

— Чаму ўзнікаюць праблемы з боку ўладаў адносна правядзення такіх акцый?

— Традыцыйна, высокія чыны баяцца любой актыўнасці, таму іх падначаленыя сілавыя структуры працуюць спраўна – кантроль, улік, пераслед. Атрымаць дазвол таго ж Мінгарвыканкама на правядзенне якогасьці пікета — гэта нешта нерэальнае. Да таго ж іх патрабаванні не з простых – трэба забяспечыць ахову і парадак месца правядзення акцыі, гэта значыць аплаціць працу міліцыі, хуткай дапамогі, прыбіральшчыкаў. Па другое, заяўка мусіць быць пададзеныя за 15 дзён да запланаванага дня яе правядзення. Праблема ў тым, што ў большасці выпадкаў такога часу няма. Напрыклад, у адной краіне здарылася бяда, скажам так, тэракт. Не будзем жа мы падаваць заяўку па правядзенне акцыі памяці ахвяр праз 15 дзён пасля гэтага, бо ўскласці кветкі ды запаліць свечкі трэба цяпер. Таму часцяком мы вымушаны ладзіць адпаведныя мерапрыемствы без дазволу гарадскіх уладаў. Бывае, што за некаторыя з іх складаюць пратаколы, а пасля суд, штраф, стандартны такі канвеер. Але, для агульнай ідэі, мы гатовы ахвяраваць сваім часам і пэўнымі рэсурсамі. Ніякай бяды ў рэакцыі ўладаў мы не бачым, галоўнае, што ўсе нашы акцыі санкцыянаваны воляй і сумленнем, яны патрэбны краіне і людзям!

— Увогуле, што натхняе да такой дзейнасці?

— Першае, жаданне выказаць сваю грамадскую пазіцыю па актуальным падзеям у нашай краіне, часам, гэта рэакцыя на падман з боку чыноўнікаў, прапагандыстаў, дзеячаў улады. Другое, гэта спроба мяняць сённяшнюю сітуацыю, убіваць цвік у прагнілую сістэму, пашыраць межы грамадскай свабоды і салідарнасці, чалавечай перамогі над страхам і абыякавасцю. Мы там, дзе патрэбныя. Напрыклад, у той жа сферы сацыяльнай дапамогі дзецям-сіротам, малазабяспечаным сем’ям з беларускіх рэгіёнаў, працы тут хопіць усім, галоўнае жаданне і воля. 

— Які партрэт сярэднестатыстычнага актывіста арганізацыі?

— Гэта малады чалавек 28 гадоў, які мае працу, альбо сталы прыбытак дзякуючы сваёй прадпрымальніцкай ці скажам так вынаходніцкай дзейнасці, канешне, з актыўнай грамадскай пазіцыяй, мінчанін. Калі ў лічбах, палова сяброў “Альтэрнатывы” людзі сямейныя, маюць дзяцей, іншыя яшчэ ў пошуках свайго асабістага шчасця і місіі працягнуць род. Па гендару, прыблізна 20% — дзяўчаты і жанчыны. Людзей са слабымі высокімі маральнымі прынцыпамі, патэнцыйных правакатараў і баламутаў стараемся адсейваць, якраз цяпер працуем над павышэннем дысцыпліны і адказнасці ўнутры структуры.

— А чым “Альтэрнатыва” адрозніваецца ад іншых арганізацый і рухаў? Мо варта з кімсьці аб’ядноўвацца?

— Кожная арганізацыя мае сваю асаблівасць, напрамкі дзейнасці, мэтавую групу і г.д. “Альтэрнатыва” тут не выключэнне, кожны ахвотны можа знайсці ў інтэрнэце інфармацыю, пачытаць і параўнаць, пасля зрабіць высновы. Што датычна аб’яднанню, то пакуль пра гэта казаць рана. Для нас важна, каб патэнцыйная партнёрская арганізацыя насамрэч адпавядала дэмакратычным крытэрыем, працавала згодна са сваім статутам, мела выбарнасць і справаздачнасць свайго кіраўніцтва, пажадана афіцыйны статус зарэгістраванай арганізацыі. Супольная праца з іншымі дэмакратычнымі структурамі магчыма падчас важных кампаній нацыянальнага маштабу, напрыклад, удзел у назіранні за выбарамі, рэферэндумам.

— Як ты ацэньваеш развіццё грамадзянскай супольнасці ў нашай краіне?

— Пазітыўна, на маю думку сітуацыя толькі паляпшаецца. У апошнія гады добра замацаваліся грамадскія праекты культурнага і сацыяльнага кшталту. У большасці выпадкаў з боку ўлады гарыць зялёнае святло, калі ласка, займайцеся, але без палітыкі. Разумеючы такі сігнал, ініцыятыўны купак грамадства, у першую чаргу моладзь, пачынае дзейнічаць, займаць сваю нішу, здзяйсняць новыя праекты. Што можна адзначыць сярод паспяховых задумаў апошняга часу? Напрыклад, беларускамоўныя курсы “Мова нанова”, парад вышыванак, Беларускім вуліцам – шыльды з гістарычнымі назвамі, кампанія супраць ушчыльнення жылых кварталаў, школа сацыяльнага прадпрымальніцтва, дабрачынная салідарнасць і іншыя. Сярод цікавых інтэрнэт пляцовак з якасным кантэнтам – гарадскі часопіс citydog.by, kyky.org, blizko.by і некаторыя іншыя. Апроч таго, з’явіліся і ўмацаваліся класныя краўдфандынгавыя тэхналогіі падтрымкі, дзе можна з дапамогай матэрыяльных ахвяраванняў ад простых людзей знайсці сродкі на рэалізацыю ўласных праектаў.

— Давай пагаворым пра цябе. Калі б табе прапанавалі дом і працу за мяжой, пакінуў бы Беларусь?

— Не. Адукацыю за мяжой я ўжо атрымаў, як бачна жыву на Беларусі. Я не бачу сэнсам свайго жыцця як мага лепей уладкавацца недзе за мяжой, сядзець у басейне і піць віно. Я з тых, хто прыкладае свае намаганні на паляпшэнне сітуацыі ў нашай краіне і гэта можна сказаць мая місія. Што тычыцца эміграцыі, то пры жаданні гэта не праблема. Некаторыя мае знаёмыя добра ўладкаваліся за мяжой, так, што і думаць пра Беларусь не хочуць. Адныя з’ехалі па вучобе ў Польшчу, адвучыліся і ўжо працуюць, зарабляюць1000 даляраў, быццам бы ўсім задаволеныя. Другія прасілі палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі – усім далі. Кватэра ад дзяржавы, пад’ёмныя грошы, моўныя курсы і магчымасць працаваць, калі ласка. Але ж паўтаруся, я бачу сябе патрэбным на сваёй Радзіме, тут і цяпер. Цалкам пакідаць краіну ў рукі кан’юктуршчыкаў з хворымі амбіцыямі – слабая і нават здрадніцкая пазіцыя.

— З чаго звычайна пачынацца твой дзень?

— Са шпацыру па вуліцы – выгульваю 2 сабак і сам прагульваюся, думаючы аб бягучых справах. Пасля фізіялагічныя патрэбы. Затым прыступаю да арганізацыйных спраў, але перш-наперш адчыняю інтэрнэт, бо трэба праглядзець навіны, коратка прабегчыся па публікацыям у сацыяльных сетках. Далей ужо згодна спраў: сустрэчы з людзьмі, праца з дакументамі, камунікацыі з іншымі сябрамі арганізацыі і г.д.

— Што найбольш шануеш у людзях?

— Рашучасць і волю, смеласць, трыманне дадзенага слова. Як пісаў вядомы класік і я з гэтым згодны, баязлівасць і здрада – галоўная чалавечая загана. Хацелася каб кожны знаходзіў у сябе сілы рабіцца лепшым. Узгадваюцца словы нямецкага філосафа Ніцшэ: “Кожны чалавек можа сябе сфармаваць шляхам удасканалення”.

— Якія напалеонаўскія планы ў “Альтэрнатывы”?

— Будзем працягваць рабіць усе тое, што і раней, як кажуць, нішто ні новае пад месяцам. Цяпер прадумваем наступныя грамадскія кампаніі, улічваем магчымыя рэсурсы, сітуацыю ў краіне і ў свеце. Наш арыенцір на правядзенне якасных паспяховых кампаній з вынікам, які можна пабачыць ці нават дакрануцца. Таксама вядзём размовы аб супрацы з замежнымі партнёрамі, калі ўсё атрымаецца, вясной будзем ладзіць цікавую азнаямляльную вандроўку ў Варшаву ці Кракаў. Карацей кажучы, хутка ўсё прэзентуем і запусцім, чакайце!

Вам таксама можа спадабацца

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *